Мархель замяніў Крывушэнку на пасадзе галоўнага трэнэра футбольнай зборнай Беларусі  

Паядынак зборнай Беларусі

Новым галоўным трэнэрам футбольнай зборнай Беларусі стаў 52-гадовы Міхаіл Мархель. Такое рашэньне было прынятае на паседжаньні выканкаму Беларускай федэрацыі футболу.

На гэтай пасадзе ён замяніў Ігара Крывушэнку, пад началам якога каманда правальна пачала кваліфікацыю да Эўра-2020: чатыры паразы ў чатырох матчах. Да гэтага Міхаіл Мархель узначальваў моладзевую каманду Беларусі, якая якраз пасьпяхова стартавала ў адборачным турніры да чэмпіянату Эўропы.

Гульнявы эпізод

Мархель правёў больш за 200 матчаў на прафэсійным узроўні: выступаў за бабруйскі «Шыньнік», менскія «Дынама», «Тарпэда-МАЗ» і «Зорка-БДУ», магілёўскі «Дняпро», «Маладэчна-2013». За межамі Беларусі гуляў у першынствах Расеі, Вугоршчыны і Югаславіі.

У 1997 годзе распачаў трэнэрскую кар’еру, неаднаразова дапамагаў выводзіць юнацкія зборныя ў элітныя раўнды чэмпіянатаў Эўропы. Сёлета быў прызначаны галоўным трэнэрам моладзевай зборнай, у першым жа матчы ўсталяваўшы абсалютны рэкорд выніковасьці ў гісторыі беларускіх камандаў — перамога 10:0 над камандай Гібралтару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачніце з «калі ласка», «дзякуй». Як форвард менскага «Тарпэда» перайшоў на беларускую мову

Свой наступны паядынак пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнэра зборная Беларусі правядзе 6 верасьня ў Таліне супраць эстонскіх футбалістаў.