Праверце сваю валізку. Магчыма, вы забыліся ўзяць у адпачынак нешта самае важнае.
Кніга — вось што самае важнае на летніх вакацыях.
Начытаныя і абазнаныя ў літаратуры людзі дзеляцца сваімі думкамі пра кнігі, якія яны рэкамэндуюць абавязкова прыхапіць з сабой, выпраўляючыся ў адпачынак. Выдаўцы са свайго боку таксама маюць што падказаць і параіць.
Валянцін Акудовіч, філёзаф:
1. Ільля Сін «Libido» — бо гэта найбольш адметная кніга цяперашняй беларускай прозы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Божа, будзь з тымі, хто шукае і не знаходзіць». Выйшла новая кніга Ільлі Сіна2. Алесь Анціпенка «Прыпадобніўшыся да насарога» — бо там пра сьмерць і несьмяротнасьць.
3. Зьміцер Вішнёў «Калі прыгледзецца — Марс сіні» — бо такой кніг і вы яшчэ не чыталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я проста зьдзекуюся з паперы, альбо Каменныя прыступкі беларускага антыраману4. Альгерд Бахарэвіч «Мае дзевяностыя» — бо гэта адна з найлепшых кніг Альгерда.
Выдавецтва Ігара Логвінава:
1. Міхаіл Вешым «Англійскі сусед». Раман. З баўгарскае — Тацьцяна Анікеенка
Баўгарыя, Эўразьвяз. Па вёсцы Ўрадлівая маланкай разьлятаецца навіна: паўразбураную хату п’янчугі Ванчы набыў падданы англійскай каралевы Джон. Угода з маёмасьцю, заключаная паводле ўсіх канонаў тутэйшай нядбайнасьці, становіцца пачаткам знаёмства Джона з асаблівасьцямі славянскага мэнталітэту, а вяскоўцаў — зь дзіўным англійскім сьветаглядам. Спробы Джона ўпісацца ў рэальнасьць баўгарскае вёскі, дзе амаль кожны жыхар імкнецца выкарыстаць яго ў сваіх, не заўсёды законных, інтарэсах, нараджаюць процьму камічных сытуацый, якія непазьбежна зьмяняюць і пераплятаюць два розныя сусьветы. І выяўна крэсьляць беларускую праекцыю на імавернае ўступленьне ў Эўразьвяз.
«Англійскі сусед» — гэта раман-анэкдот баўгарскага аўтара Міхаіла Вешыма, аўтара апавяданьняў і фэльетонаў, галоўнага рэдактара сатырычнага штотыднёвіка «Стършел» («Шэршань»). У 2002 годзе творы Вешыма былі ўключаныя ў Анталёгію сусьветнага гумару разам з творамі Марка Твэна, Джэрома Клапкі Джэрома і Вудзі Алена.
2. Грэгар Зандэр «Што было б». Раман. З нямецкае — Альгерд Бахарэвіч
Здавалася б, чэх Яраслаў Рудзіш у сваім рамане-нарысе «Неба пад Бэрлінам» тэму эўрапейскай настальгіі па ГДР па-заліхвацку закрыў. Але мусім выслухаць і саміх немцаў, чыя вэрсія мінулага больш мэлянхалічная і разгалінаваная.
Сучасны нямецкі аўтар Грэгар Зандэр (які, дарэчы, наведваў Беларусь) зьмяшчае сваіх герояў на скрыжаваньні мінулага і цяпершчыны — і абірае для гэтага стары гатэль у Будапэшце, у якім сыходзіцца дзіўная кампанія ўсходніх і заходніх немцаў. Каб разабрацца ў сабе ды іншых — і дапісаць сваю няпростую гісторыю да канца.
Ніхто зь іх не здагадваўся, што краіна, дзе ім собіла нарадзіцца, неўзабаве зьнікне з мапы. Ніхто зь іх ня мог ведаць, як па-рознаму складуцца іхныя лёсы. Краіна мела назву ГДР, горад быў падзелены Мурам, а маладосьць падавалася вечнай. Каханьне і здрада, сяброўства і нянавісьць, уцёкі і супрацьстаяньне. Вечныя тэмы ў нечаканым антуражы ўмоўнага ладу.
3. Макс Шчур «Кінараман»
Гедройцяносец вядзе свой культ-радавод ад 90-х і прапануе ад таго часу прэпарацыю сучаснай яму літаратуры і мастацтва. Гэта нахабная спроба зьмясьціць пад адной вокладкай гісторыю кіно і біяграфію свайго пакаленьня. На вачах чытача разгортваецца «грубы мантаж» з масавых і інтымных сцэн, фрагмэнтаў гістарычнай кінахронікі, закадравых дыялёгаў, абрыўкаў клясычных стужак. Усё гэта дзіўным чынам утварае цэльны вобраз безыменнага Пэрсанажа ў эпоху, калі само жыцьцё складаецца з кінацытатаў.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.