Раённы аддзел дзяржнагляду ў гандлёвых аб’ектах Ліды і Наваградку выявіў прадукты з кішэчнай палачкай — глязураваныя сыркі і марозіва эскімо з заменьнікам малочнага тлушчу расейскай вытворчасьці, паведаміла БелТА галоўная інспэктарка аддзелу Ірына Квочкіна.
Па выніках выпрабаваньняў у акрэдытаванай лябараторыі ў прадуктах выяўленыя бактэрыі групы кішэчных палачак. Па выніках праверак выдадзеныя прадпісаньні аб забароне продажу партый небясьпечных сыркоў і марозіва. Акрамя таго, прадукцыю забаронена ўвозіць на тэрыторыю Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Малочная вайна» Расеі зь Беларусьсю: нізкая якасьць прадукцыі ці замах на перапрацоўчыя прадпрыемствы?«Пры правільнай і добрасумленнай вытворчасьці тварожныя сыркі ці марозіва вырабляюцца з натуральнага тварагу і малака. Тэрмін захоўвання сыркоў у належных умовах — да 15 сутак, марозіва — 6 месяцаў. Калі на ўпакоўцы пазначана, што тэрміны захоўваньня большыя, можна меркаваць, што ў склад уваходзяць кансэрванты ды іншыя кампанэнты, якія падаўжаюць тэрмін прыдатнасьці. Таму варта ўважліва чытаць і аналізаваць інфармацыю пра складнікі прадуктаў», — сказала Ірына Квочкіна.
Між Беларусьсю і Расеяй ужо доўга працягваюцца спрэчкі наконт экспарту беларускай прадукцыі, якія называюць «малочнымі» і «мяснымі» войнамі.
Расея часта выказвае прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай і мясной прадукцыі і рэгулярна ўводзіць абмежаваньні на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі зь беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок называе прэтэнзіі расейскага (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі. Прычыны «малочных войнаў» нярэдка называлі палітычнымі).