Студыя Gavarun.by пачала перакладаць на беларускую мову брытанскі дзіцячы мультсэрыял «Хамф». Пілётная сэрыя ўжо перакладзеная, але на цэлы праект на сайце Ulej.by трэба сабраць 5900 рублёў.
На момант публікацыі сабраная траціна — каля 1900 рублёў. За сумы ад 14 рублёў абяцаюць падарыць значок ды іншыя сувэніры, за сумы ад 149 рублёў — аўдыёзгадку спонсара ў кожнай сэрыі, за большыя сумы — магчымасьць выканаць ролю ў агучках студыі, майстар-клясы і агучваньне на замову.
48 сэрыяў агульнай працягласьцю 336 хвілінаў у шматгалосным перакладзе хочуць выдаць для бясплатнага прагляду на Youtube, публікаваць па тры сэрыі штотыдзень. Усяго ў сэрыяле ў 2009–2010 гадах выйшлі два сэзоны і 78 эпізодаў.
У агучваньні возьмуць удзел як штатныя дыктары студыі Адам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц, так і акторка Купалаўскага тэатру Хрысьціна Дробыш і пакуль не названая «зорка беларускага тэатру і кіно».
Сэрыял разьлічаны на дашкольнікаў ад трох гадоў. Сэрыя цягнецца каля 7 хвілінаў. Галоўны герой — пухнатая істота па імені Хамф — зь сябрамі дасьледуе сьвет вакол сябе і тлумачыць гледачам, як сябе добра паводзіць. Па-расейску сэрыял яшчэ не выходзіў, але яго ўжо пераклалі на польскую мову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гары Потэр ня будзе есьці дранікі і бабку — перакладчыца пра беларускае выданьне знакамітай кнігіРаней студыя Gavarun.by пераклала 21 поўнамэтражную стужку і больш за 40 кароткамэтражных, у тым ліку 25 сэрыяў «Мікі Маўса». Студыя таксама рабіла пераклады кінанавінак для легальнага камэрцыйнага інтэрнэт-кінатэатру.
Таксама студыя ўдзельнічала ў стварэньні мабільнага ангельска-беларускага размоўніка ад Say.by (Android і iOS), зробленага пад Эўрапейскія гульні. Праграма дапаможа іншаземцам ня толькі павітацца і падзякаваць, але і сказаць, напрыклад, «Як прайсці ў прыбіральню?» або «Мне патрэбен адвакат».