Народны дэпутат Украіны Дзьмітро Тымчук загінуў у Кіеве 19 чэрвеня. Паводле зьвестак калегі загінулага, дэпутата Антона Герашчанкі, Тымчук раніў сябе, чысьцячы ўзнагародны пісталет.
Са спасылкай на ўласныя крыніцы такую ж вэрсію прыводзіць выданьне «Інтэрфакс-Украіна», якое паведаміла пра сьмерць дэпутата за пяць хвілінаў да Герашчанкі.
Паводле словаў Герашчанкі, жонка Тымчука патэлефанавала ў хуткую дапамогу і паліцыю, паведаміла пра здарэньне, але да прыезду брыгады мэдыкаў паранены памёр.
Дзмітрыю Тымчуку было 46 гадоў, ён нарадзіўся ў расейскім горадзе Чыце. З пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны падпалкоўнік Тымчук стаў каардынатарам групы «Інфармацыйны супраціў», вядомым украінскім блогерам. Падрабязна асьвятляў ход крымскага крызісу, інтэрвэнцыю Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну, а таксама сэпаратысцкія заявы і расейскую сабатажную дзейнасьць ва Ўкраіне.
У кастрычніку 2014 году стаў народным дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны 8-га скліканьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праблему Данбасу вырашыць толькі вайна, — Тымчук