19 чэрвеня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава, беларускага пісьменьніка, публіцыста і грамадзкага дзеяча. Быкаў быў адным зь ініцыятараў стварэньня Беларускага народнага фронту, узначальваў Беларускі ПЭН-цэнтар і Згуртаваньне беларусаў сьвету.
Большасьць твораў Быкава — ваенныя аповесьці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўдыёкніга «Доўгая дарога дадому». Чытае Васіль БыкаўСвабода сабрала некаторыя выказваньні Васіля Быкава, якія адлюстроўваюць яго бачаньне сьвету і канцэпцыю дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.
Пра задачу літаратуры
Літаратура павінна не перастаючы біць у свае званы, настойліва абуджаючы ў людзях патрэбу ў высокай духоўнасьці, безь якой любы самы высокі прагрэс матэрыяльнай культуры не прынясе радасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вы ведаеце пра Васіля Быкава? ТЭСТПра якасьці чалавека
Сьмеласьць, адвага, пагарда да сьмерці — вось тыя асноўныя якасьці, якімі вызначаецца годнасьць воіна.
Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава.
Я ж засвоiў ад мацi занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзiла — на вайне i пасьля вайны.
Не перамогшы ў сабе карысталюбца, баязьліўца, не пераможаш ворага. Гэта пытаньне жыцьця і пытаньне гісторыі.
Порахам чалавека ня выхаваеш.
Каб зразумець сутнасьць сябра, трэ дачакацца, калі стане ён тваім начальнікам.
Пра мову
Я — беларус, мая родная мова — беларуская.
Пра нацыяналізм беларусаў
Нацыяналізм вялікай нацыі непазьбежна перараджаецца ў шавінізм і імпэрыялізм, а нацыяналізм малой нацыі, якім бы ён ні быў, накіраваны перш за ўсё на выжываньне сваёй нацыі сярод іншых. Горш за ўсё ў жыцьці — нявызначанасьць: яна адбірае волю да дзеяньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 фільмаў па творах Васіля Быкава. ВІДЭАПра пакаленьні
Чалавек сталага ўзросту вельмі рызыкуе, калі выносіць нейкія ацэнкі моладзі: яны заўсёды будуць несправядлівыя. Той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай ня стане.
Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, вiдаць, марнае памкненьне. Майму пакаленьню, як i шмат якiм папярэднiкам, свабоды ня бачыць. Хiба наступным...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будуць выставы і тэатральныя пастаноўкі. Быкаўскі тыдзень пачаўся на ВушаччынеПра гісторыю
Нацызм і камунізм ёсьць два канцы адной палкі.
Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, зь яе робяць урокі. З хлусьні ніякіх урокаў ня зробіш, апроч новай хлусьні.
Пра Бога
Верыць у Бога — зусім ня значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй — мець Бога ў душы. І паступаць адпаведна. Адпаведна сумленьню, гэта значыць па-Боску.
Пра дэмакратыю і свабоду
Свабода — найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня.
Дэмакратыя ў барацьбе з таталітарызмам ня мае адэкватных сродкаў.
Кожнаму наканавана прайсьці свой шлях да свабоды асобна.
Нельга спадзявацца на тое, што не заслужанае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апошняя міласьць жыцьця». 7 твораў Васіля Быкава пра сэнс і нонсэнс сьмерці