Карэспандэнтка Свабоды пабывала на круглым стале «Онлайн-пакупкі беларусаў за мяжой» з удзелам гандляроў, чыноўнікаў, экспэртаў і сабрала самыя важныя факты і лічбы, якія характарызуюць стан інтэрнэт-гандлю і пакупніцкія перавагі беларусаў.
За год беларусы патрацілі каля 700 мільёнаў даляраў
Паводле дасьледаваньняў e-data.by, у 2018 годзе беларусы патрацілі на тавары і паслугі онлайн на 20% больш, чым год таму: агулам на 650–700 мільёнаў даляраў.
Доля інтэрнэт-гандлю ў Беларусі пакуль складае 3,5% ад агульнага таваразвароту. Для параўнаньня: доля онлайн-гандлю ў Расеі — 5%, у краінах Эўразьвязу, Японіі — да 20%.
Палова беларусаў карыстаецца інтэрнэт-крамамі
Як распавёў кіраўнік маркетплэйса Deal.by Максім Марыніч, за апошні год у інтэрнэце куплялі 49% беларусаў, альбо 4,7 мільёна (рост 4%).
9% купляюць тавары толькі на замежных сайтах, 24% — у беларускіх інтэрнэт-крамах, 67% — і там, і там.
Беларусы аддаюць перавагу кітайскім крамам
98% беларусаў, якія купляюць онлайн за мяжой, карыстаюцца кітайскімі інтэрнэт-крамамі. На кітайскіх сайтах бяруць у асноўным тэхніку і электроніку (27%), адзеньне, абутак (26%), касмэтыку (13%), тавары для дзяцей (10%), аўтатавары (8%), спартовыя тавары (4%).
У інтэрнэт-крамах ЗША купляюць 6% беларусаў, Польшчы — 5%, Расеі — 4%.
Пакупнікі глядзяць найперш на цану
Максім Марыніч назваў некалькі вызначальных фактараў, чаму беларусы аддаюць перавагу кітайскім інтэрнэт-крамам. Самы асноўны — беларускі пакупнік вельмі адчувальны да цаны (83% лічаць, што ў замежных інтэрнэт-крамах таньней). Сярэдні чэк пакупак беларусаў на замежных сайтах вырас з 20 да 25 рублёў. Для параўнаньня: у беларускіх інтэрнэт-крамах сярэдні чэк — 70 рублёў.
Яшчэ адзін важны фактар — асартымэнт, выбар тавару (39% лічаць, што пэўных тавараў няма ў Беларусі). Дастаткова высокі ўзровень даверу да пакупкі — 17%.
Да таго ж у кітайскіх інтэрнэт-крамах добра наладжаная сыстэма арбітражу, прадаўцы амаль заўсёды прымаюць бок пакупніка.
На замежных сайтах больш купляюць маладыя
Узрост беларускіх кліентаў замежных інтэрнэт-крамаў — людзі да 30 гадоў.
Абсалютная большасьць беларускіх пакупнікоў замежных інтэрнэт-крамаў — жыхары рэгіёнаў. Па-за Менскам часьцей скардзяцца на аднастайны асартымэнт тавараў.
Улады хочуць, каб інтэрнэт-гандаль стаў больш празрыстым
Начальніца ўпраўленьня арганізацыі гандлю Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Віялета Бразоўская сказала, што да канца 2019 году маюць прыняць новую рэдакцыю Закону аб гандлі, у якой будзе дакладна прапісана, як павінен ажыцьцяўляцца інтэрнэт-гандаль:
«Усе онлайн-пакупкі павінны ажыцьцяўляцца толькі праз кошык.
Будзе захоўвацца ўся гісторыя плацяжоў, пакупак, адмоваў, дастаўкі. Калі інтэрнэт-крама на сайце паказвае, што тавар ёсьць, а спажыўцу яго не прывезьлі — гэта парушэньне, непраўдзівая інфармацыя на сайце, пакупніка ўвялі ў зман. Кошт тавару не павінен мяняцца, а то ўчора на сайце адна цана, а калі тавар прывезьлі — іншая. Усё можна будзе адсачыць, і спажывец зможа абараніць свае правы».
У Беларусі плянуюць стварыць Асацыяцыю электроннага гандлю
Замежныя інтэрнэт-крамы ўзмацняюць канкурэнцыю на беларускім рынку інтэрнэт-гандлю. Беларусы ж галасуюць рублём, галоўная рацыя, каб купляць за мяжой, часьцяком — цана. Таму вытрымліваць канкурэнцыю беларускім інтэрнэт-крамам усё цяжэй.
Каб падтрымаць беларускіх інтэрнэт-прадаўцоў і павысіць узровень сэрвісу, плянуецца стварыць Асацыяцыю электроннага гандлю. У ёй будуць прадстаўленыя ўсе ўдзельнікі рынку — тыя, хто займаецца і лягістыкай, і інфраструктурай, і плацяжамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Час сэканд-хэнд». Чаму ў Беларусі расьце імпарт ужыванай вопраткі і ці будуць зь ім змагацца