На заводзе «Праммэханіка» у пасёлку Гатава Менскага раёну спыніліся цэхі.
Работнікі патрабуюць поўнай выплаты заробкаў, якія ад сакавіка выдаюць часткамі. Шмат каму прадпрыемства вінаватае 2-3 тысячы рублёў і нават больш, паведамляе Onliner.
Раніцай 18 чэрвеня выканаўца абавязкаў дырэктара сустрэўся з калектывам, аднак так і не сказаў, калі дакладна будуць грошы.
«Мы выйшлі на працу, але за станкі ня сталі, — расказалі рабочыя. — Раніцай дырэктар вярнуўся з пракуратуры і прыйшоў на сустрэчу з намі. Сказаў, што пакуль грошай няма і пра тое, калі расплацяцца з заводам, будзе вядома пазьней. Мы працягваем страйк. Наша ўмова: пачнём працаваць тады, калі грошы цалкам прыйдуць на карткі. Да таго часу за станкі ня станем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СВК, ААТ, ЗАТ — што прыйшло на зьмену беларускім калгасам, якія ўлады зноў узяліся «аздараўляць»18 чэрвеня на заводзе пабывалі прадстаўнікі Менскага абласнога выканкаму. Яны абяцалі, што паспрыяюць, каб Краснасельскі завод будаўнічых матэрыялаў найхутчэй разьлічыўся, і тады запазычанасьці будуць кампэнсаваныя.
Завод «Праммэханіка» вырабляе прамысловае абсталяваньне. Сярод яго партнэраў такія прадпрыемствы, як «Беларуськалій», «Мазырсоль», «Граніт», «Пінскдрэў», «Івацэвічыдрэў» і г. д. Усяго на прадпрыемстве працуе каля 100 чалавек.
Рабочыя пачалі звальняцца
Супрацоўнік адміністрацыі заводу «Праммэханіка» расказаў Свабодзе пра сытуацыю на заводзе:
«Сапраўды, страйкуюць рабочыя; зь іх пачалося, але цяпер бастуюць і іншыя супрацоўнікі, у тым ліку зь ліку інжынэраў, бо іх затрымкі з выплатай заробкаў гэтаксама тычацца».
Паводле яго, за апошнія два тыдні са 100 работнікаў заводу звольніліся каля 20%, у тым ліку і частка ІТР.
На мінулым тыдні ў Менгарвыканам з прадпрыемства адпраўлялі ліст аб праблемах з запазычанасьцю перад заводам. Заводу вінаватыя многія прадпрыемствы Беларусі.
Атрымаць камэнтар ў дырэктара заводу Рамана Семянені пакуль не ўдалося.