У рамках культурнай праграмы ІІ Эўрапейскіх гульняў адбудзецца адмысловы англа-беларускамоўны паказ рок-фольк-опэры «Чарадзей» («The King Magician»).
Паказ пройдзе 28 чэрвеня ў менскім Моладзевым тэатры эстрады.
Вандроўка ў Полацкае княства
«Чарадзей» — гэта незалежная тэатральная ініцыятыва. Аўтар музыкі, тэкстаў і лібрэта — кампазытар, сцэнарыст, прадусар, заснавальнік гурту «У нескладовае» Раман Арлоў. Музычны калектыў таксама выконвае ролю аркестру.
Адпачатку праект быў беларускамоўны. Цяпер для новай аўдыторыі дададуць ангельскі тэкст.
У сюжэце расказваецца пра містычнае падарожжа беларускай дзяўчыны з сучаснасьці ў Полацкае княства XI стагодзьдзя. Там яна трапляе ў двор князя Ўсяслава Чарадзея, дзеда славутай Эўфрасіньні Полацкай.
Тызэр з рок-фолк-опэры «Чарадзей»:
Беларускім гледачам пастаноўка ўжо вядомая: яе паказвалі на сцэнах Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, Тэатру эстрады, менскага клюбу «Бруге». Двойчы творчая каманда выяжджала да беларусаў на польскае Падляшша.
Англамоўную вэрсію «The King Magician» аўтар тлумачыць жаданьнем паказаць гасьцям Эўрагульняў знакавую частку беларускай гісторыі: барацьбу Ўсяслава Чарадзея за незалежнасьць першай беларускай дзяржавы — Полацкага княства. На думку Рамана, гэта ўнівэрсальны сюжэт, які праз сучасную тэатралізаваную форму можа даходліва расказаць іншаземцам пра пошук беларускай нацыяй свайго месца ў эўрапейскай прасторы.
«Я зь лёгкім гумарам стаўлюся да колькасьці замежных гасьцей, плюс у мяне ёсьць камунікацыі са штабам Эўрагульняў, нават там крытычна ацэньваюць масавасьць падзеі, — кажа Раман Арлоў. — Тым ня менш трэба зь нечага пачынаць. Не кажу пра спартоўцаў, у іх іншыя задачы, але нейкія спадарожныя функцыянэры, піяр-мэнэджэры могуць зацікавіцца. Мы даслалі арганізатарам амаль два дзясяткі квіткоў. Спадзяёмся, нехта прыйдзе і наш мэсыдж будзе пачуты».
Моўны мікст культурнай прасторы
Раман Арлоў кажа, што падчас паказу вырашылі не ўжываць ні тытраў, ні сынхроннага перакладу.
«Мы паспрабавалі зрабіць хітрэй: у межах адной песьні гучаць куплет і прыпеў па-беларуску, а потым па-ангельску, — тлумачыць ён. — Такім чынам дасягаецца лінгвістычны мікс. Так, прыём ня новы, але ў гэтым выпадку ён можа быць момантам рэспэкту і для беларускай аўдыторыі. Прыкладна як паказальнікі ў мэтро, што асабіста мне вельмі падабаецца: надпісы па-беларуску і па-ангельску. У сваю чаргу, іншаземцы пачуюць як унівэрсальную ангельскую, так і мову нашай краіны».
Аўтар «Чарадзея» прызнае, што спалучэньне моваў у пастаноўцы пашырае межы для каманды: цяпер пра Беларусь могуць даведацца ў самых розных кутках сьвету.
«Наша трупа такім чынам выштурхоўвае сябе з зоны камфорту, — кажа Раман Арлоў. — Папраўдзе кажучы, ёсьць адчуваньне, што крытычная маса людзей, якая пойдзе на пастаноўку па квітках, ужо дасягнутая. Таму, безумоўна, трэба рухацца далей. І камбінаваная вэрсія „Чарадзея“ будзе змушаць дзейнічаць: Эўрагульні завершацца, але ж культурнае жыцьцё будзе працягвацца. Тое, што зроблена, будзе пакладзенае ў партфоліё і стане штуршком для пошуку варыянтаў у вялікім англасаксонскім сьвеце».
Беларускі рок па-ангельску
Раман Арлоў з падлеткавага ўзросту грае ў рок-гуртах, пачынаў з англамоўнага рэпэртуару. Пазьней вучыўся ў Дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце. Ягоная выкладчыца Вольга Калацкая — шэф-рэдактар ангельскай вэрсіі «Чарадзея». У першым дыску гурту «У нескладовае» таксама знайшлося месца і для англамоўнага трэку Take Me Away. У пэўным сэнсе «Чарадзей» — гэта працяг справы, якой ён займаўся чвэрць стагодзьдзя.
«Дастаткова згадаць гурт „Буржуазія“, які ў 1990-х выступаў на цэнтральных фэстывальных пляцоўках, — кажа Раман. — Тады Беларусь і музычна, і мэнтальна была значна больш інтэграваная ва ўсясьветную культуру, зашкальвала папулярнасьць камандаў з англамоўным рэпэртуарам. На жаль, за апошнія 20–25 гадоў яны, па вялікім рахунку, ператварыліся ў маргінальныя. Але тая мара ўва мне заўсёды жыла — рэалізаваць нешта значнае на ангельскай мове. Каб паказаць, што культурная Беларусь павінна дрэйфаваць у бок „вялікай зямлі“, а ня ўсходніх суседзяў зь іх прымітыўнымі папсовымі кумірамі».
Раман Арлоў — рок-музыка і кампазытар. Адзін зь лідэраў гурту J:Морс — граў на гітары, быў аўтарам песьняў.
У 2009 годзе стварыў музычны праект «У нескладовае». Першая рэч пад назвай «Ня кожны» была прэзэнтаваная ў красавіку 2010-га, а неўзабаве пры дапамозе культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» выйшаў дэбютны альбом «У нескладовае». У яго запісе бралі ўдзел вакалісты гуртоў «Безь Білета», «J:Морс», «Дзецідзяцей», The Stokes, Dali, «Харлі», Why Not, Аляксандар Памідораў, Аляксей Хлястоў.
Аўтар тэатральна-музычных пастановак для дзяцей і дарослых — рок-фолк-опэры «Чарадзей» і казкі «Прыгоды літары Ў».