Дзьвюм удзельніцам Pussy Riot забаранілі ўезд у Беларусь

Архіўнае фота. Удзельніцы Pussy Riot Вераніка Нікульшына (зьлева) і Вольга Курачова (у цэнтры) пасьля 15 сутак у маскоўскай турме

Дзьвюм удзельніцам Pussy Riot, Вользе Курачовай і Вераніцы Нікульшынай, забаранілі ўезд у Беларусь на год. Пра гэта выданьню «Медиазона» сказаў удзельнік Pussy Riot Пётар Вярзілаў.

Як удакладніў Вярзілаў, дзяўчаты ляцелі ў Кіеў зь перасадкай у Менску. У аэрапорце беларускай сталіцы ўдзельніцам Pussy Riot паведамілі, што ім забаронены ўезд у Беларусь да траўня 2020 году. Курачова ўдакладніла ў сваім твітэры, што, нягледзячы на забарону, іх пусьцілі на рэйс у Кіеў, дзе яны пасьпяхова прайшлі гутарку і перасеклі мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вакалістка Pussy Riot раскрытыкавала Лукашэнку за Курапаты

Pussy Riot — расейскі фэмінісцкі панк-рок-гурт, які праводзіць свае выступы ў форме несанкцыянаваных акцый у грамадзкіх месцах.

У 2012 годзе тры ўдзельніцы групы — Марыя Алёхіна, Надзея Талаконьнікава і Кацярына Самуцэвіч былі асуджаныя на два гады зьняволеньня за выступленьне ў храме Хрыста Збавіцеля зь песьняй «Багародзіца, Пуціна прагані». Суд прызнаў іх вінаватымі ў хуліганстве па матывах рэлігійнай нянавісьці. Самі актывісткі казалі, што не хацелі абражаць вернікаў, а хацелі зьвярнуць увагу грамадзтва на зрошчваньне дзяржавы і царквы.