Рада ў пытаньнях геаграфічных назваў ЗША прыняла рашэньне зьмяніць напісаньне сталіцы Ўкраіны з Kiev на Kyiv. Рашэньне ўступіла ў сілу з 17 чэрвеня.
Пасьля гэтага можа зьмяніцца напісаньне назвы ўкраінскай сталіцы за межамі ЗША ў арганізацыях, якія арыентуюцца на амэрыканскае напісаньне. У прыватнасьці, можа ісьціся пра міжнародныя аэрапорты. Аналягічныя рашэньні раней былі прынятыя ў краінах Эўразьвязу і Канадзе.
Украіна просіць замежныя міжнародныя арганізацыі і дзяржавы трансьлітараваць назву сваёй сталіцы з украінскай, а не расейскай мовы — зьмяніць яе напісаньне з Kiev на Kyiv. Гэта ж датычыць іншых украінскіх гарадоў, у тым ліку Львова.
На ангельскай мове кампанія праходзіць пад лёзунгам #KyivNotKiev.
На табло Нацыянальнага аэрапорту «Менск» лацінкаю сталіца Ўкраіны пазначаная як Kyiv, а Львоў — Lviv. Так украінскія гарады пішуцца ўжо некалькі гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША зьмянілі напісаньне Кіева з «Kiev» на «Kyiv»У аддзеле па сувязях са СМІ Нацыянальнага аэрапорту «Менск» Свабодзе раней казалі, што ўсе зьмены ў трансьлітарацыю назваў гарадоў і краінаў у аэрапорце на табло ўводзяцца пасьля таго, як установу праінфармуе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Нядаўна там памянялі назву гораду Астана на Нур-Султан.
У пачатковай вэрсіі артыкула памылкова сьцьвярджалася, што пераход на напісаньне Kyiv у менскім аэрапорце адбыўся нядаўна.