Улады і грамадзкая супольнасьць распачынае тыдзень памятных імпрэзаў «На сьцяжынцы жыцьця», прысвечаных 95-годзьдзю з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.
Як паведамілі БелТА ў Вушацкім райвыканкаме, 17 чэрвеня на малой радзіме Васіля Быкава распачынаюцца мэмарыяльныя выставы, конкурсы вакальных калектываў, кінапаказы пра творчасьць іх земляка.
Асноўнымі адрасамі імпрэзаў стануць аграгарадок Кублічы, вёска Бычкі і сам райцэнтар. У Кубліцкай бібліятэцы ўдзельнікі «Літаратурнай гасьцёўні» абмяркуюць падыход Васіля Быкава да тэмы вайны, а ў дзень нараджэньня пісьменьніка 19 чэрвеня ў яго роднай вёсцы Бычкі арганізуюць канцэртную праграму з тэатральнай пастаноўкай аповесьці «Знак бяды».
22 чэрвеня імпрэзы ў гонар выбітнай асобы традыцыйна ладзяць рух «За свабоду» і Віцебскае аддзяленьне Таварыства беларускай мовы. Як кажуць арганізатары, сёлета адбудзецца перафарматаваньне сьвята — ня выключана, што ня будзе ўручэньня прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».
У апошнія гады паўсталі вялікія праблемы з пошукам фінансаваньня і апошняе слова цяпер застаецца за заснавальнікам аб’яднаньня Аляксандрам Мілінкевічам. Паводле кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, яны забясьпечваюць толькі тэхнічныя моманты ўганараваньня.
«Пакуль няма канчатковага рашэньня — будзе прэмія ў гэтым годзе або не, — сказаў палітык. — Тым ня менш, мы плянуем правядзеньне імпрэзы ў Бычках. Распачалі яе актывісты руху зь Віцебскай вобласьці яшчэ да заснаваньня прэміі».
Ляўрэатамі прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў розны час станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, літаратары і палітыкі Уладзімер Някляеў і Павал Севярынец, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч, рэжысэр Валер Мазынскі, грамадскі дзеяч Зьміцер Дашкевіч, журналіст Глеб Лабадзенка.