Міліцыя падала ў суд на арганізатараў мітынгу да Дня Волі, патрабуе 7259 рублёў

Мітынг-канцэрт да Дня Волі ў Менску

Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму падало ў суд на заяўнікаў мітынгу-канцэрту на Дзень Волі. У пазове за подпісам генэрал-маёра Івана Кубракова з заяўнікаў патрабуюць спагнаць 7259 рублёў. Паводле інфармацыі «Беларускага партызана», судовае паседжаньне ў судзе Цэнтральнага раёну Менску ўжо прызначана на 24 чэрвеня.

Адказчыкамі выступаюць Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч і Ігар Барысаў.

У красавіку палітыкаў ужо аштрафавалі за тое, што тыя не заплацілі міліцыі за ахову мітынгу-канцэрту. Цяпер генэрал-маёр Іван Кубракоў патрабуе ў пазове спагнаць з палітыкаў 7259 рублёў 29 капеек, зь якіх 6375 за тое, што людзей на мерапрыемства прыйшло больш, чым 1000 чалавек (паводле ГУУС Менгарвыканкаму, 1400 чалавек), 106 беларускіх рублёў 54 капейкі — сума працэнтаў за карыстаньне чужымі грашовымі сродкамі і 777 рублёў 75 капеек — пеня, штрафныя санкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя ініцыюе праверку ўрадавай пастановы пра аплату паслуг міліцыі

Раней міліцыянты Цэнтральнага РУУС Менску хацелі атрымаць з арганізатараў мітынгу-канцэрту 250 базавых велічынь, гэта 6375 рублёў. Першапачаткова дамова аб ахове была заключана ў памеры 150 базавых велічынь, гэта 3825 рублёў, але пасьля сьвяткаваньня ў міліцыі палічылі, што колькасьць удзельнікаў была большай за заяўленую і павялічылі аплату яшчэ на 100 базавых велічынь.

Іван Кубракоў, які асабіста падпісаў пазоў у суд, добра знаёмы ўдзельнікам грамадзкіх і палітычных акцый, бо асабіста кантраляваў дзеяньні сваіх падначаленых. 24 лютага 2017 году падчас акцыі пратэсту абаронцаў Курапатаў Курбакоў асабіста ўдзельнічаў у іх затрыманьні.

Іван Кубракоў

Пазьней Кубракоў выступіў па тэлебачаньні, тлумачачы дзеяньні супрацоўнікаў у штацкім, якія штурмавалі менскі тралейбус пасьля санкцыянаванага ўладамі «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка. Тады былі гвалтоўна затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Іван Курбакоў заявіў, што ў затрыманых у менскім тралейбусе былі нажы і кастэты. Журналісты, якія асьвятлялі судовыя працэсы, зьвярталі ўвагу, што падобныя прадметы не фігуравалі ў пратаколах асуджаных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэраў руху «За свабоду» і АГП аштрафавалі за адмову плаціць міліцыянтам за ахову мітынгу на Дзень Волі