16 чэрвеня а 12.00 ў Берасьці пачалася штодыднёвая нядзельная акцыя, удзельнікі якой патрабуюць спыненьня будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Каля трохсот дэманстрантаў выйшлі на галоўную плошчу Берасьця. Праціўнікі акумулятарнага заводу патлумачылі, што сабраліся, каб паведаміць мінакам пра рашэньне старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса, згодна зь якім будаўніцтва заводу прыпынена.
Да людзей на плошчы падыходзілі міліцыянты, якія ў мэгафон паведамілі, што збор на плошчы зьяўляецца несанкцыянаваным, а яго арганізатары і ўдзельнікі будуць пакараныя за парушэньне закону аб масавых акцыях.
На плошчы прадстаўнікі ініцыятыўнай групы распавялі пра сустрэчу з Анатолем Лісам, выказалі задаволенасьць сустрэчай і заявілі, што завод будзе зачынены канчаткова, «гэта толькі пытаньне часу».
Людзі пакармілі на плошчы галубоў, паразмаўлялі і прайшлі шэсьцем па цэнтральных вуліцах гораду. Яшчэ напярэдадні праціўнікі акумулятарнага заводу дамаўляліся, што ў сувязі з пазытыўнымі перамовамі з кіраўніком вобласьці, яны ня будуць выкрыкваць ніякіх лёзунгаў падчас сёньняшняй акцыі.
Міліцыя падчас акцыі нікога не затрымлівала.
На працягу доўгага часу берасьцейцы штонядзелю прыходзяць у цэнтар гораду, дзе кормяць галубой. Неаднаразова актывісты кампаніі былі затрыманыя міліцыяй.
16 чэрвеня ў прамой трансьляцыі актывіст Сяргей Пятрухін адзначыў: штотыднёвыя акцыі будуць трываць, пакуль людзі не пабачыць, што завод канчаткова зачынены і абсталяваньне зь яго вывезенае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прыпынілі будаўніцтва акумулятарнага заводу, супраць якога пратэставалі берасьцейцыА 13-й гадзіне людзі дайшлі да кінатэатру «Беларусь», дзе крыху пастаялі і разыйшліся.