Фэдэральная служба дзяржаўнай статыстыкі Расеі («Росстат») упершыню апублікавала дадзеныя аб расейцах, што загінулі ў выніку баявых дзеяньняў. Гэтая катэгорыя ў справаздачах ведамства зьявілася ўпершыню.
За 2018 год, як вынікае з публікацыі, у выніку ваенных дзеяньняў загінулі чатыры чалавекі.
- Расея ад верасьня 2015 году праводзіць ваенную апэрацыю ў Сырыі. За гэты час, паводле афіцыйных дадзеных Мінабароны, там загінулі больш як сто вайскоўцаў.
- Паводле шматлікіх сьведчаньняў, у Сырыі таксама дзейнічаюць найміты з ЧВК «Вагнэр». У лютым 2018 году СМІ пісалі пра буйныя баявыя сутыкненьні паміж імі і паўстанцамі, якіх падтрымлівалі амэрыканскія вайскоўцы. МЗС РФ тады паведамляла пра гібель у баі чатырох грамадзянаў Расеі, неафіцыйна гаварылася аб некалькіх дзясятках.
- Паводле неафіцыйных дадзеных, у прыватнасьці, групы «Информационное сопротивление», вялікія страты мелі таксама расейскія падразьдзяленьні, якія бралі ўдзел у ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны пачынаючы ад 2014 году. Расея абвяргае свой удзел у канфлікце на Данбасе.
- У траўні 2015 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін засакрэціў інфармацыю аб вайскоўцах, якія загінулі «ў мірны час у пэрыяд правядзеньня спэцапэрацый».