Улады Ганконгу афіцыйна спынілі працэдуру прыняцьця законапраекту, які дазваляў экстрадаваць жыхароў гораду ў матэрыковы Кітай. У пратэстах супраць гэтага закону ўдзельнічалі да мільёна чалавек.
Кіраўніцтва адміністрацыі Ганконгу ў суботу заявіла, што правядзе кансультацыі «з усімі сэгмэнтамі грамадзтва». Аднак цалкам ад плянаў прыняць закон не адмовілася.
Раней улады тлумачылі, што закон неабходны для таго, каб прыцягваць да адказнасьці злачынцаў. Непасрэднай падставай для яго ўнясеньня была справа ганконгца, якога ў дадзены момант немагчыма выдаць Тайваню, дзе ён забіў сваю сяброўку.
Аднак законапраект выклікае занепакоенасьць у праваабарончых груп, сродкаў масавай інфармацыі, карпаратыўных юрыстаў і бізнэсоўцаў, нягледзячы на абяцаньні гарадзкіх уладаў не выдаваць у Кітай грамадзян, якія сутыкнуліся з палітычным ці рэлігійным перасьледам, ці тых, каму пагражае сьмяротнае пакараньне.
Кітайскі сувэрэнітэт над Ганконгам быў адноўлены ў 1997 годзе, прычым горад атрымаў пэўную аўтаномію і гарантыю непахіснасьці існуючай прававой сыстэмы як найменш на 50 гадоў. Апошнім часам улады Кітаю, аднак, зрабілі шэраг крокаў, накіраваных на далейшае абмежаваньне аўтаноміі Ганконгу.
Акцыі сталі самай маштабнай хваляй пратэстаў у горадзе за апошнія дзесяцігодзьдзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пратэстаў жыхары Ганконгу выйшлі на вуліцы прыбраць за сабой сьмецьце