Яна пасярод поля каля вёскі Дварэц у Лунінецкім раёне. Па ягады сюды прыяжджаюць з усёй краіны і нават з-за мяжы.
Трускалкавы сэзон у Беларусі працягваецца прыкладна месяц — з канца траўня па канец чэрвеня. Яго пік прыпадае на першы тыдзень лета. У гэты час цэны на трускалкі самыя нізкія. Сёлета яны ўпалі настолькі, што некаторыя прадаўцы пачалі проста выкідаць ужо сабраныя ягады. Фатаздымкі з горкай трускалак на ўзбочыне дарогі трапілі ў інтэрнэт і выклікалі абмеркаваньне ў сацсетках. Свабода паехала ў Лунінецкі раён, каб разабрацца на месцы, што адбываецца сёлета на рынку трускалак.
«Танна сёлета бяруць ягады, вельмі танна, — расказвае жыхар вёскі Дварэц, мужчына гадоў пяцідзесяці, які прадстаўляецца Аляксандрам. — Вось людзі і выкідаюць. Зьбяруць ягады, прывязуць на рынак, даведаюцца пра цэны па 30 капеек за кіляграм — і выкідаюць. Раней было мінімум 50 капеек за самыя дробныя ягады, а сёлета і 20 нават было. Я нават ня ўсе свае трускалкі зьбіраць буду. Навошта працаваць за такія грошы?»
У 10-літровае вядро зьмяшчаецца прыкладна 5–6 кіляграмаў ягады. Гэта ад 2,5 рубля (за дробныя трускалкі) да 6 (за вялікія). Прадаць даражэй можна на трасе М11, што злучае Берасьце з Гомлем. Там цэны ўдвая вышэйшыя. Але стаяць трэба значна больш. Часам за цэлы дзень могуць купіць усяго два вядры.
Аляксандар кажа, што не кідае займацца трускалкамі, бо зарабіць усё ж можна, нават нягледзячы на нізкія цэны. Праўда, адмаўляецца назваць нават прыкладную лічбу сваіх трускалкавых прыбыткаў. Кажа: «На хлеб хапае».
Побач з Дварцом, дзе жыве Аляксандар, — самы вялікі трускалкавы рынак Беларусі. Арганізаваны ён максымальна проста — заасфальтаваная і абгароджаная пляцоўка пасярод поля. На ёй дзясяткі малых фургонаў і вялікіх фур з нумарамі ўсіх беларускіх абласьцей.
Трускалкі на рынак прывозяць фургонамі (фэрмэры), легкавікамі і нават на роварах (усе астатнія). Цэны закупу ў аптавікоў моцна розьняцца. Ад 30 капеек за кіляграм у прадстаўнікоў вінзаводаў — да 2,5 за самыя адборныя ягады. Мясцовыя кажуць, што ідэальна было б здаваць сярэднія трускалкі па рублю за кіляграм. На практыцы аддаюць і за 50 капеек.
«Ну што гэта такое — 30 капеек? У мяне ж вось нармальная ягада, паглядзіце, — наракае Валянціна, якая прыехала прадаць свае трускалкі на рынак каля Дварца разам з сынам. — І гэта яны яшчэ паднялі, было па 20. Гэтыя фота ў інтэрнэце з трускалкамі на ўзбочыне дарогі, гэта ўсё праўда. Людзі выкідалі ягады проста тут, каля рынку. Раней такога ніколі не было, а сёлета цэны рэзка ўпалі. Нявыгадна займацца трускалкамі стала. Чаму такія нізкія цэны, я ня ведаю. Відаць, таму што дзяржава ў нас такая. Абы ў людзей таньней узяць».
З рынку пад Дварцом перакупшчыкі вязуць ягады на рынкі ў абласных цэнтрах і Менску. Там трускалкі можна прадаць удвая даражэй. На сталічнай Камароўцы, напрыклад, яны цяпер каштуюць у сярэднім 2–2,5 рубля за кіляграм.
Лунінецкія гандляры кажуць, што паласавацца беларускімі трускалкамі можна будзе яшчэ тыдзень-два. Потым сэзон скончыцца, і на паліцах крамаў застануцца толькі замежныя, з цаной большай у дзесяць разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна раніца з жыцьця Ўладзя, які за сэзон вырошчвае 50 тон элітнай гародніны на Браслаўшчыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Растуць як кабачкі». Як гарадзенец гадуе кавуны на лецішчы за горадам