Адміністрацыя кампаніі «АйПаўэр», якая будуе акумулятарны завод пад Берасьцем, пракамэнтавала Tut.by распараджэньне кіраўніка вобласьці аб прыпыненьні будаўніцтва.
«Мы ня маем інфармацыі, што зьявілася падставай для распараджэньня аб прыпыненьні будаўніцтва ТАА «АйПауэр», — сьцьвярджаюць у кампаніі. — Са свайго боку, атрымаўшы адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, ТАА „АйПауэр“ ініцыюе працэдуру паўторнай экалягічнай экспэртызы ў адпаведна заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Пасьля гэтага мы адновім працэдуру ўводу аб'екту будаўніцтва ў эксплюатацыю».
На заводзе сьцьвярджаюць, што дзьве апошнія непацьверджаныя крыніцы шкодных выкідаў адрэгуляваныя, і вынікі аналізаў уласнай лябараторыі заводу пацьвярджаюць працаздольнасьць абсталяваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для нас гэта як Курапаты». Ці вераць берасьцейцы ў тое, што ўлады закрыюць акумулятарны заводСтаршыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс 14 чэрвеня падпісаў распараджэньне аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу на падставе ліста Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ад 13 чэрвеня.
Пратэсты берасьцейцаў супраць шкоднай вытворчасьці пад іхным горадам трывалі больш як год. Праваабаронца Раман Кісьляк, які працаваў з пратэстоўцамі, кажа, што прыпыненьне будаўніцтва ня спыніць штотыднёвыя акцыі пратэсту: маўляў, пратэстоўцы ня бачаць ніякіх магчымасьцяў, як можна выправіць шматлікія парушэньні, і праект такі, што завод хіба трэба цалкам перабудоўваць.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.