Старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс падпісаў распараджэньне аб прыпыненьні будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем.
Будаўніцтва прыпынілі да ліквідацыі выяўленых парушэньняў на падставе:
- закону «Аб мясцовым самакіраваньні»;
- ліста Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ад 13 чэрвеня.
Ліст Мінпрыроды апублікаваў тэлеграм-канал Nexta. Паводле апублікаванага дакумэнту, Мінпрыроды адмовіла адказнай за будаўніцтва заводу кампаніі «АйПаўэр» у выдачы заключэньня аб адпаведнасьці завершанага будаўніцтва патрабаваньням экалягічнай бясьпекі.
У чэрвені падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
На сустрэчы з пратэстоўцамі супраць заводу 12 чэрвеня старшыня Ліс дапускаў, што акумулятарны завод закрыюць.
Кісьляк: Канчатковая мэта — закрыць завод, пратэсты працягнуцца
Праваабаронца, які працаваў з пратэстоўцамі, Раман Кісьляк адзначае, што, бадай, упершыню ў Беларусі грамадзкі пратэст меў такі плён — хоць пакуль улады і не гавораць пра поўнае спыненьне прадпрыемства.
«Нягледзячы на тое, што гаворка толькі прыпыненьне, мы ўпэўненыя, што гэта крок да поўнага спыненьня будаўніцтва і забароны эксплюатацыі заводу, — кажа Кісьляк. — Мы ня бачым ніякіх магчымасьцяў, як можна выправіць шматлікія парушэньні. Па-першае, ён ад пачатку спраектаваны з грубымі парушэньнямі, яго трэба цалкам перабудоўваць. Па-другое, пад Берасьцем у свабодай эканамічнай зоне яго быць не павінна ў прынцыпе, гэта наўпроставае парушэньне заканадаўства».
Паводле суразмоўцы, берасьцейцы ўжо пачалі адчуваць суседзтва з заводам, хоць той і працаваў толькі ў тэставым рэжыме.
«Нават у рэжыме пусканаладкі жыхары адчувалі ўсе гэтыя пахі, якія выклікаюць і ташнату, і ваніты, — працягвае ён. — Гэтаксама жаўцее трава, дрэвы ў садах. Хто ведае спэцыфічны пах мэталу, лёгка яго адрозьніць ад іншых. Безумоўна, мы задаволеныя, што экспэрымэнты над нашымі людзі спыняцца. Прынамсі на этапе пусканаладкі».
Ці варта чакаць, што пратэсты ў выглядзе «кармленьня галубоў» будуць згорнутыя? Раман Кісьляк лічыць, што спыняць актыўнасьць яшчэ дачасна і прагназуе, што ў бліжэйшую нядзелю жыхары зноў выйдуць у цэнтар Берасьця.
«Думаю, людзі ў любым выпадку будуць выходзіць, бо канчатковая мэта пратэсту — закрыць завод цалкам, а не прыпыніць да ліквідацыі прэтэнзій Мінпрыроды. Так, першы крок зроблены і гэта ўжо значная лякальная перамога. Але надалей жыхары рэгіёну разьлічваюць, што прадпрыемства ня будзе працаваць, яго эксплюатацыя будзе спыненая. Зрэшты, пабачым ужо ў гэтую нядзелю — як народ адрэагуе на такую навіну», — падсумоўвае Раман Кісьляк.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Неўзабаве чытайце на сайце вялікі рэпартаж Свабоды зь Берасьця