Самая вострая праблема Беларусі — сыстэма адукацыі, лічыць госьць «Інтэлектуальнага клюбу» нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч Віктар Пракапеня, заснавальнік інвэстыцыйнай кампаніі VP Capital. Тэма размовы 13 чэрвеня — «Сьвет будучыні. Як Беларусі ўпісацца ў глябальны кантэкст?»
Падчас свайго выступу Віктар Пракапеня расказаў, чаму цяпер неактуальная тэма ідэалёгіі; якія прафэсіі будуць запатрабаваныя ў будучыні; навошта патрэбны незалежныя СМІ, і чаму ніякі супэрсучасны кампутар не заменіць чалавека.
«Я некалькі гадоў ведаю Віктара, і кожны раз, слухаючы яго, адчуваю радасьць. Гэта адзін з тых маладых людзей, якія належаць гісторыі. Я спадзяюся на вельмі цікавую размову», — сказала ў вітальным слове Сьвятлана Алексіевіч.
Свабода сабрала 12 найбольш яскравых фрагмэнтаў з выступу Віктара Пракапені.
1. Сьвет стаў лепшым дзякуючы сучасным тэхналёгіям
Самы моцны інстынкт, які ёсьць у людзей — гэта інстынкт самазахаваньня. І вельмі часта тое, што мы чытаем, што нам цікава, адносіцца да дрэнных навінаў. І так уладкаваны сьвет, што ў ім вельмі шмат нэгатыву. І часьцяком за гэтым нэгатывам мы ня бачым тых сапраўдных простых рэчаў, якія адбываюцца. Усяго за 70 гадоў сьвет зьмяніўся кардынальна ў станоўчы бок. За апошнія 100 гадоў дзіцячая сьмяротнасьць паменшылася ў 10 разоў. Цана ежы паменшылася ў 10 разоў, цана камунікацый — у 1000 разоў. Працягласьць жыцьця павялічылася ўдвая.
Сьвет дзякуючы сучасным тэхналёгіям становіцца лепшым, і гэта добра для людзей.
2. Многія працуюць на нецікавых месцах, але гэта зьменіцца
Цяпер у сельскай гаспадарцы занята толькі 2% насельніцтва, у ХІХ стагодзьдзі было занята 90%. Атрымалася так, што вялікая колькасьць працоўных месцаў зьнікла, замянілася тэхналёгіямі. І гэты працэс адбываецца пастаянна.
За апошнія 70 гадоў колькасьць месцаў у індустрыяльна-прамысловым комплексе ЗША скарацілася на 70%. Тое самае нас чакае ў будучыні, толькі гэты працэс будзе ісьці хутчэй. Усё большая колькасьць працоўных месцаў будзе скарачацца, але гэта не азначае, што мы будзем не патрэбны. Гэта азначае, што будуць стварацца новыя, больш цікавыя, творчыя працоўныя месцы. Сёньня многія людзі працуюць на сумных і нецікавых месцах. І гэта тое, што зьменіцца. Прынамсі, я ў гэта веру, і ёсьць усе падставы ў гэтым не сумнявацца.
Кожная тэхналёгія вырашае пэўную праблему, але стварае вялікую колькасьць новых. Стыў Джобс, калі ствараў тэлефон, нават не ўяўляў, колькі карысных рэчаў можна рабіць зь яго дапамогай.
3. Летась 14,5% новых працоўных месцаў у Беларусі створана ў ІТ
ІТ сфэра — лідэр у экспарце паслуг у краіне. Экспарт кампутарных паслуг у 2018 годзе склаў 1,5 мільярда даляраў. А 10 гадоў таму гэта было 160 мільёнаў, значыць, гэтая галіна экспарту вырасла амаль у 10 разоў. І штогод прырастае на 25%.
ІТ — лідэр у стварэньні працоўных месцаў у Беларусі. Летась 14,5% новых працоўных месцаў у Беларусі створана ў галіне інфармацыйных тэхналёгій. Прамысловасьць, наадварот, лідэр у колькасьці месцаў, якія скараціліся. Чаму? Таму што новыя лініі, вытворчасьці патрабуюць усё меншую колькасьць людзей. Прамысловасьць становіцца галіной адтоку працоўных кадраў, а не прытоку.
4. Галоўная праблема разьвіцьця ІТ у Беларусі — адукацыя
Для ІТ-сфэры патрэбны адукаваныя людзі, творчыя, разумныя, інтэлектуальныя. Часьцяком я чую такія снабісцкія выказваньні, што, маўляў, ня ўсе змогуць займацца і працаваць у эканоміцы ведаў. Гэта ня так. Пытаньне ў сыстэме адукацыі і тых падыходах, як мы хочам адукоўваць нашых дзяцей.
Сыстэма адукацыі — гэта тое, што патрабуе сёньня самых хуткіх, самых важных і вялікіх зьменаў. Таму што яна стваралася найперш як сыстэма для індустрыяльнай эканомікі. Індустрыяльная эканоміка — гэта найперш стандартызацыя. Адукацыя ў сувязі з гэтым — фастфуд для мозгу. Наш мозг так пабудаваны, што самая вялікая колькасьць рэцэптараў эндарфінаў знаходзіцца ў вобласьці, якая адказвае за адукацыю, і вучыцца прыемна, вучыцца дастаўляе задавальненьне. Аднак чаму гэта ня так, чаму большасьці дзяцей у школах і ўнівэрсытэтах (ня толькі ў Беларусі, а і ва ўсім сьвеце) сумна?
Таму што нам цікава і мы атрымліваем задавальненьне, толькі калі вучымся на мяжы нашых ведаў. Калі занадта складана ці занадта лёгка — няма задавальненьня. А калі няма інтарэсу, працэс атрыманьня ведаў доўгі, сумны і нецікавы.
Сыстэма адукацыі, якая існуе ва ўсім сьвеце, стваралася для іншай эканомікі — індустрыяльнай. Для эканомікі ведаў патрабуецца значная большая разнастайнасьць творчых асобаў. Мы ўсе розныя, розныя нашы інтэлектуальныя магчымасьці. Я лічу, што за кошт пэрсаналізацыі адукацыя ў будучыні будзе моцна ўлічваць асаблівасьці кожнага дзіцяці. Вучоба ў будучыні будзе значна цікавейшая, чым яна ёсьць зараз.
Адукацыя — гэта ня тое, каб напіхаць мяшок кучай парахні, а пра тое, каб запаліць сьвечку, каб у чалавека была цікавасьць, жаданьне.
Адукацыя — гэта тая галіна, ад якой залежыць будучыня нашай краіны. Не ад Расеі, не ад Захаду, не ад таго, якая будзе мова, якія будуць палітыкі — а найперш ад сыстэмы адукацыі. На гэтым трэба факусавацца.
5. Бацькі павінны быць цікавейшыя дзецям за Instagram
Кожная новая тэхналёгія, якая вырашае праблему, стварае вялікую колькасьць новых праблем. Дзеці ўсё больш часу бавяць у Instagram і YouTube. І бацькі становяцца ім менш цікавымі. Калі б прыйшоў тэрмінатар з будучыні і забраў дзіця, мы ўсе крычалі б: «Які жах!»
А што адбываецца? Альгарытмы рэкамэндацый Instagram і YouTube забіраюць увагу дзяцей. Гэта значыць, фізычна дзіця не забралі, але ў думках забралі. Гэта сур’ёзная праблема, але ў яе ёсьць рашэньне. Мы як бацькі павінны быць цікавейшыя, чым YouTube і Instagram — мы павінны разьвівацца, вучыцца новаму і разумець, што адбываецца ў сьвеце.
6. Чалавечы мозг незаменны
Робаты, альгарытмы машыны — рэч матэматычная. Калі мы гаворым пра нейкую прастору з 100 вымярэньняў, то ў іх кампутар можа разьбірацца лепш за чалавека і хутчэй. Калі мы гаворым аб прасторы з 1 мільёна вымярэньняў, то любы кампутар «здыхае», таму што такім чынам уладкаваная сыстэма вымярэньняў, што ён проста ня ў стане арыентавацца ў такой вялікай колькасьці.
Робаты сапраўды вельмі простыя рэчы могуць рабіць лепш за людзей. Аднак творчыя, складаныя рэчы — гэта тое, што ніводная машына ня зробіць.
Чаму на сёньняшні дзень нельга ўзламаць ключ да біткойна? Таму што колькасьць вылічэньняў, якія трэба зрабіць, неверагодна вялікая — так зроблены кампутарныя альгарытмы, так пабудаваная матэматыка. Аднак ніколі ня будзе кампутара, які зможа і гуляць у шахматы, і размаўляць зь людзьмі, і пісаць музыку, і рабіць шмат-шмат усяго, што можа рабіць чалавек.
Ёсьць машына, якая ў канкрэтным выпадку можа рабіць частку фізычнай працы лепш за чалавека — капаць, лятаць, езьдзіць. Але машыны, якая будзе выконваць усе фізычныя дзеяньні лепш за чалавека, ня будзе. І гэта клясна, бо вялікая колькасьць людзей сёньня займаецца нецікавай, сумнай працай. Гэта хутка адыдзе ў мінулае. У кожнага чалавека будзе цікавае творчае жыцьцё. Чалавечы мозг неверагодна складаная штука, ён незаменны.
7. У новай эканоміцы давядзецца вучыцца значна хутчэй
Час сёньня дыктуе нам тое, што вучыцца і атрымліваць новыя веды трэба як мага хутчэй. І пасьпяховымі будуць тыя краіны і тыя людзі, якія навучацца гэта рабіць найхутчэй. Відавочна, што пройдзе няшмат часу, і мы будзем жыць у сьвеце, дзе хуткасьць і звычкі людзей пры атрыманьні адукацыі будуць зусім іншага маштабу. Ёсьць усялякія тэхналёгіі віртуальнай рэальнасьці, якія дазволяць нам вучыцца пастаянна. Мы можам замест мабільных тэлефонаў выкарыстоўваць акуляры, лінзы кантактныя і вучыцца ўвесь час. І вучыцца самым лепшым, самым эфэктыўным, самым хуткім чынам.
Сыстэма адукацыі патрабуе сёньня паляпшэньня не на 5%, а ў 10 разоў, таму што ў новай эканоміцы давядзецца вучыцца значна хутчэй. У новай эканоміцы важнасьць творчых рэчаў будзе зусім іншага маштабу. Мы мацнейшыя за машыны, таму што можам думаць у большай колькасьці вымярэньняў.
8. У Беларусі, калі прыбраць самы верх, — швэдзкая дэмакратыя
Я раблю гэта ад любові да нашага грамадзтва найперш. Для мяне гэта спосаб зрабіць так, каб праз 20 гадоў Беларусь стала пасьпяховай, разьвітай краінай.
Немагчыма за адзін дзень пабудаваць ІТ-індустрыю. Немагчыма за адзін дзень рэфармаваць сыстэму адукацыі. Трэба рабіць тут і цяпер. І дэкрэт — не мая асабістая заслуга, гэта заслуга супольнасьці. Ёсьць вялікая колькасьць неабыякавых людзей, якія гэтым займаюцца. Гэта агульны грамадзкі праект. Гэта клясная гісторыя, у якой мне пашчасьціла паўдзельнічаць.
І заслуга тут ня толькі айцішнікаў і юрыстаў. Гэта і журналісты, якія стваралі грамадзкую думку. Гэта клясная ідэя пра будучыню.
Адна зь цікавых высноваў, якую я зрабіў — у нас людзі вельмі цьмяна ўяўляюць, як пабудаваная сыстэма ўлады. У Беларусі, калі прыбраць самы верх, на другім узроўні — швэдзкая дэмакратыя: можна прыйсьці да кожнага чыноўніка і атрымаць подпіс. Уяўляеце, дэкрэт павінны падпісаць 200 арганізацый!
Нам пашанцавала, што там было вельмі шмат пра крыптавалюты і ніхто нічога не разумеў (сьмех і аплядысмэнты ў залі). Мы, дарэчы, ня думалі, што гэта пройдзе. Але гэта аказалася вырашальным фактарам. І таму, што гэта добрая, клясная ідэя, і яна пра будучыню — дэкрэт прайшоў.
9. Сёньня паняцьця «ідэалёгія» няма
Мяне неяк запрасілі на YouTube-канал, і там людзі на поўным сур’ёзе абмяркоўвалі, якая ў Беларусі нацыянальная ідэя і ідэалёгія. Усе гэтыя ідэалёгіі — прадукт мінуўшчыны, прадукт дэфіцыту інфармацыі.
Сёньня ёсьць ідэі, ёсьць каштоўнасьці, але паняцьця «ідэалёгія» няма. У ХХІ стагодзьдзі абмяркоўваць адну адзіную ідэалёгію, у якую будзе верыць кожны беларус, — гэта немагчыма.
Нас абʼядноўваюць агульныя каштоўнасьці, культура. Мы адбыліся як дзяржава, народ дзякуючы культуры. А не ідэалёгіі. І гэта дасягненьне нашай дзяржавы, што яе тут няма.
10. Пра кампрамісы і саступкі ўладзе
Я пра гэта не хачу гаварыць. Якія саступкі я мог зрабіць для дзяржавы? Я не разумею гэтай тэмы.
Што такое кампраміс? Кампраміс — гэта перамовы. І ў перамовах заўсёды сіла пазыцыі кожнага боку вызначаецца альтэрнатыўным варыянтам. У перамовах з уладай, на жаль (так ужо ўладкавана беларускае грамадзтва), альтэрнатыўнай пазыцыі ў цябе няма. Ніякага кампрамісу тут няма і быць ня можа. Ты можаш пэўным чынам размаўляць, дамаўляцца, пераконваць, чаму гэта важна, тлумачыць карысьць для грамадзтва. Але кампраміс, каб ты пайшоў на кампраміс, у нечым саступіў, дзе? Тым больш з уладай. Не разумею.
11. Людзі гатовы плаціць за якасную ежу, а за якасныя СМІ — не
У Беларусі амаль усе незалежныя мэдыя стратныя. Мяне зьдзіўляе, што людзі гатовыя плаціць вялікія грошы за ежу, а за добрыя якасныя мэдыя, за падпіску плаціць не гатовы. Зрабіла, умоўна кажучы, «Наша ніва» платную падпіску — не гатовыя людзі плаціць за кантэнт.
Няма ніякага іншага спосабу, акрамя таго, як больш кантактаваць, узаемадзейнічаць. І ў многім праблема адсутнасьці дыялёгу ад таго, што не хапае фінансаваньня грамадзтвам гэтых самых мэдыя. Мэдыя бедныя, акрамя хіба што tut.by. А датацыі для СМІ — гэта заўсёды дрэнна, гэта адсутнасьць незалежнасьці. Я лічу, што разьвіцьцё мэдыя-бізнэсу — гэта добра, гэта адзіны спосаб, якім можна прыйсьці да большага разуменьня адзін аднаго, разуменьня, што правільна і што трэба зараз рабіць.
Бяз грошай зрабіць якаснае, пасьпяховае мэдыя, пляцоўку для перамоваў, складана. Так уладкавана наша грамадзтва сёньня.
12. Пра пэрспэктыўныя прафэсіі ў будучыні
Нельга атрымаць веды, толькі чытаючы кніжкі. Гэта абавязкова чытаньне кніг і кантактаваньне з экспэртамі. Больш кантактуйце з разумнымі людзьмі, канфэрэнцыі — гэта таксама супэрактуальна.
Я не магу парэкамэндаваць ніводнага беларускага ВНУ. Я мяркую, што гэтая мадэль блізкая да завяршэньня. Штосьці павінна мяняцца.
Самае галоўнае — сіла волі і цікаўнасьць: рабі тое, што хочацца, пастаянна вучыся, пастаянна разьвівайся.
Прафэсіі будучыні — усё, што зьвязанае з «софт скіл», будзе актуальна. І ўсё, што зьвязана з этыкай. У будучыні будзе шмат працы ў вырашэньні этычных канфліктаў.
Да прыкладу, калі бесьпілётны аўтамабіль езьдзіць па дарозе, вы павінны яго нейкім чынам запраграмаваць, каб ён прымаў рашэньне. Цяпер такі час, усё больш этыкі перасякаецца з рэальнасьцю. Пытаньне пра Дурава — аддаць код дзяржаве ці не аддаваць — таксама пра гэта. Якое рашэньне правільнае, невядома.
У будучыні будуць запатрабаваныя прафэсіі, зьвязаныя са стварэньнем кантэнту, брэнд-мэнэджары, мэнэджэры ў камунікацыях.
Але, паўтаруся, сьвет будзе вельмі хутка мяняцца.
Алексіевіч: «Мне не хапіла філязофскага погляду»
Перад пачаткам выступу Сьвятлана Алексіевіч заявіла, што будучыня яе палохае.
«Ці пераканаў вас Віктар, што будучыня не такая страшная?» — спытала Свабода па сканчэньні імпрэзы ў нобэлеўскай ляўрэаткі.
«Віктар выбраў не філязофскую форму прадказаньняў, а гаварыў пра канкрэтныя рэчы. Ён чалавек маруднага пасьлядоўнага руху. Мне не хапіла філязофскага погляду. Але для аўдыторыі была важная гэтая канкрэтная размова», — сказала пісьменьніца.
Ці Беларусь пабачыць тую будучыню, якую апісвае Пракапеня?
«Думаю, што так, — мяркуе Сьвятлана Алексіевіч — Мы ня можам выпасьць з агульнага працэсу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступным госьцем «Інтэлектуальнага клюбу» Алексіевіч стане мультыплікатар, які падтрымаў анэксію Крыму