Барыс Джонсан набраў больш за ўсіх галасоў у першым туры выбараў лідэра Кансэрватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Выбары павінны завяршыцца ў ліпені — тады пераможца заменіць Тэрэзу Мэй на пасадзе прэм’ер-міністра.
У першым туры, у якім у чацьвер раніцай галасавалі 313 дэпутатаў Палаты абшчын ад Кансэрватыўнай партыі, былы міністар замежных спраў Барыс Джонсан атрымаў 114 галасоў. За яго галоўных канкурэнтаў, цяперашняга кіраўніка МЗС Джэрэмі Ханта і міністра навакольнага асяродзьдзя Майкла Гоўва, прагаласавалі 43 і 37 дэпутатаў, паведамляе ВВС.
Трое зь дзесяці кандыдатаў выбылі з барацьбы, не пераадолеўшы прахадны барʼер у 17 галасоў.
Разам з Джонсанам, Хантам і Гоўвам у наступны тур выйшлі былы міністар Brexit Дамінік Рааб (27 галасоў), міністар унутраных спраў Саджыд Джавід (23), міністар міжнароднага разьвіцьця Роры Сьцюарт (19) і міністар аховы здароўя Мэт Хэнкак (20).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Многія хочуць скінуць Тэрэзу Мэй. Ахвотнікаў заняць яе месца значна менш, — BBCВыбары з паступовым выбываньнем працягнуцца на наступным тыдні, і галасаваць у наступных турах па-ранейшаму будуць толькі торы-дэпутаты Палаты абшчын. Ня пазьней за 20 чэрвеня кандыдатаў павінна застацца толькі двое, і выбіраць з гэтых двух будуць ужо ўсе прыкладна 160 тысяч членаў Кансэрватыўнай партыі.
Ніхто з кандыдатаў не выступае за адмену рашэньня выйсьці з ЭЗ, але аб поўнай рашучасьці пайсьці на жорсткі разрыў казалі Барыс Джонсан і Дамінік Рааб.
Астатнія спадзяюцца перапісаць пагадненьне з ЭЗ альбо дапускаюць магчымасьць новай адтэрміноўкі.