Косьці

Васіль Верашчагін «Апатэоз вайны» (1871)

Першыя грошы мае равесьнікі пачыналі зарабляць у нарыхтоўчых канторах. Чаго толькі там не прымалі як другасную сыравіну! Хлопцы і дзяўчынкі цягнулі на прыёмныя пункты макулятуру, мэталялом, ракавінкі, сасновыя шышкі, косьці. З касьцей, казалі, мелюць муку і дадаюць яе ў кармы жывёлам. Найбольш костак можна было назьбіраць на ўскраіне гораду.

Вясной, калі сыходзіў сьнег, а яшчэ ўвосень пасьля пераворваньня зябліва, навакольныя палі ажно блішчэлі касьцямі. Ніхто са зьбіральнікаў не задумваўся: чаму іх тут так шмат? Толькі калі загаварылі пра Першую сусьветную вайну і больш чым двухгадовае супрацьстаяньне паміж царскай арміяй і кайзэраўцамі пад Смаргоньню, стала зразумела, чыімі касьцямі былі нашпігаваны палі.

Ала Клемянок

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org