У Брытаніі паведамілі пра рашэньне выслаць заснавальніка WikiLeaks у ЗША

Джуліян Асанж

Міністар унутраных спраў Вялікабрытаніі Саджыд Джавід паведаміў пра рашэньне адправіць заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа ў ЗША. Як перадае ВВС, канчатковае рашэньне аб экстрадыцыі Асанжа прымуць 14 чэрвеня ў брытанскім судзе.

Злучаныя Штаты вылучылі абвінавачваньні Асанжу па 18-ці пунктах. На днях амэрыканскае выданьне Politico паведаміла, што Міністэрства юстыцыі ЗША паінфармуе Асанжа пра новыя падазрэньні. ЗША дамагаюцца выдачы Брытаніяй Асанжа перш за ўсё па абвінавачваньні ў незаконнай публікацыі сакрэтных матэрыялаў, у прыватнасьці імёнаў засакрэчаных крыніц, а таксама ў змове з экс-аналітыкам арміі ў доступе да сакрэтнай інфармацыі.

Джуліян Асанж у 2012 годзе схаваўся ў пасольстве Эквадора ў Лёндане, каб пазьбегнуць выдачы ў Швэцыю ў сувязі з абвінавачваньнем у згвалтаваньні. Сам 47-гадовы Асанж абвяргае абвінавачваньні ў згвалтаваньні. У красавіку гэтага года эквадорская ўлада пазбавіла Асанжа прытулку і выдала брытанскай уладзе. Цяпер ён адбывае тэрмін у 50 тыдняў у брытанскай турме за парушэньне ўмоў вызваленьня пад заклад.