На цырымоніі адкрыцьця Эўрагульняў у Менску згадаюць Купалу, Коласа і Скарыну

Лесік, талісман Эўрагульняў

Арганізатары цырымоніі адкрыцьця II Эўрапейскіх гульняў асаблівую ўвагу ўдзеляць гісторыі і культуры Беларусі, расказаў прадстаўнік дырэкцыі Сяргей Хоміч.

«Падчас маляўнічага шоў на стадыёне „Дынама“ заплянавана восем мастацкіх блёкаў, — сказаў ён агенцтву БелТА. — Кожны зь іх прысьвечаны пэўнай тэме, напрыклад паданьням і легендам, сярэднявечнай мінуўшыне Беларусі. Будзе паказаная творчасьць беларускіх літаратараў, сярод якіх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Ян Баршчэўскі, а таксама такіх гістарычных асобаў, як Эўфрасіньня Полацкая, Усяслаў Чарадзей, Францішак Скарына».

Менскі стадыён "Дынама", дзе пройдзе цырымонія адкрыцьця Эўрагульняў,пасьля рамонту

Сяргей Хоміч адзначыў, што над сюжэтам цырымоніі працуе міжнародная рэжысэрская група; генэральная рэпэтыцыя заплянаваная на 19 чэрвеня. А ў дзень урачыстага адкрыцьця спаборніцтваў 21 чэрвеня на «Дынама» выступяць расейская опэрная сьпявачка Анна Нятрэбка і казахстанскі выканаўца Дымаш Кудайберген.

II Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску з 21 па 30 чэрвеня, чакаецца больш за 4 тысячы спартоўцаў з 50 дзяржаў. Першыя Эўрагульні прайшлі ў чэрвені 2015 году ў Баку.