Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заклікаў жыхароў Дагестану «не паддавацца на правакацыі» у сувязі са спрэчкамі вакол адміністрацыйнай мяжы паміж дзьвюма рэспублікамі.
Канфлікт узьнік пасьля таго, як на выезьдзе з дагестанскага Кізьляра зьявіўся паказальнік «Чачэнская Рэспубліка — Шалкаўскі раён». Як напісалі «Кавказ.Реалии», гэтая тэрыторыя сапраўды зьвязаная з Чачэніяй, але знаку раней не было. 10 чэрвеня, пасьля зьяўленьня відэазапісаў з абуранымі камэнтарамі, група маладых людзей дэмантавала знак. На наступны дзень ля зьнесенага знака сабраліся некалькі соцень чалавек, прыехаў сьпікер парлямэнту Чачэніі Магамэд Даудаў з чачэнскім АМАПам.
«Майце на ўвазе, мы ніводнага камэнтара проста так не пакідаем. Нікому не дазволім зьневажаць асобу там, — сказаў Кадыраў у сваім звароце да дагестанцаў-аўтараў паведамленьняў у інтэрнэце. — Прыбярыце свае камэнтары, мы ўсё чытаем, цэлая група над гэтым працуе. У нас адаты (сукупнасmць звычаяў і народнай юрыдычнай практыкі ў самых разнастайных сф’рах маёмасных, сямейных і інш. адносінаў — РС), звычаі ніхто не адмяняў. Таму для мяне забіць, [калі] заб’яце мяне, гэта ня так страшна, а калі вы абражаеце маю кроў, род, маю сямʼю, мой народ, гэта для мяне важней за ўсё. Таму за мовай сачыце, за пальцамі сачыце, а то мы паламаем пальцы, вырвем язык вам. Ніводзін правакуючы камэнтар або відэапублікацыю не пакінем».
У канцы лета 2018 году стала вядома, што Чачэнія прэтэндуе на некалькі ўчасткаў у Сунжанскім раёне Інгушэтыі, дзе знаходзяцца родавыя вежы і фамільныя могілкі некалькіх інгускіх родаў. Асаблівае абурэньне ў Інгушэтыі выклікала тое, што чачэнскія ўлады ўжо пачалі будаваць дарогу да гэтых землях, і будаўніцтва вялося пад аховай узброеных людзей, якія не пускалі на ўчасткі мясцовых жыхароў.
Інгускія актывісты, незадаволеныя дзеяньнямі суседзяў, зьвярнуліся да ўладаў свайго рэгіёну. У канцы верасьня кіраўнікі Чачэніі і Інгушэтыі Рамзан Кадыраў і Юнус-Бек Яўкураў падпісалі пагадненьне аб абмене «раўнацэннымі» землямі паміж рэгіёнамі (інгускія актывісты лічаць дакумэнт несправядлівым у дачыненьні да Інгушэтыі).
Пасьля гэтага Канстытуцыйны суд Расеі прызнаў падпісанае пагадненьне законным і фактычна адмовіў жыхарам Інгушэтыі ў праве вызначыць мяжу рэгіёну галасаваньнем на ўсеагульным рэфэрэндуме. Таксама прынялі закон, які аддае вырашэньне зямельных пытаньняў на водкуп уладам рэгіёну, а не яго жыхарам. Гэта прывяло да масавых мітынгаў пратэсту ў Магасе і іншых гарадах Інгушэтыі: яны працягваліся некалькі месяцаў.
У Дагестане адказнымі за перадачу Чачэніі як мінімум Кізьлярскага ўчастку актывісты называлі часовага выканаўцу абавязкаў кіраўніка ўраду Дагестану Арцёма Здунова і старшыню Народнага сходу Дагестану Хізры Шыхсаідава.