«Расея вучыцца быць Беларусьсю», — расейскі філёзаф

Затрыманьне маніфэстанта, Масква, 12 чэрвеня 2019

Максім Гаруноў — пра сёньняшнія затрыманьні ў Маскве, кампанію ў падтрымку Івана Галунова і падабенства і адрозьненьні Расеі і Беларусі.

У цэнтры Масквы прайшоў марш, які плянавалі правесьці ў падтрымку карэспандэнта выданьня «Мэдуза» Івана Галунова. Паліцыя праз гадзінаў пасьля пачатку шэсьця перакрыла некалькі вуліц і пачала затрыманьні. Былі затрыманыя 423 чалавекі.

Сярод удзельнікаў акцыі быў філёзаф, сталы ўдзельнік перадачаў беларускай Свабоды Максім Гаруноў. Мы папрасілі яго распавесьці пра сёньняшнюю акцыю.

— Зь якой мэтай сёньня людзі выйшлі на маніфэстацыю ў Маскве? Галуноў быў вызвалены. Чаго дамагаліся маніфэстанты?

Максім Гаруноў

— Па падобных справах сядзіць шмат людзей. Галуноў — гэта не адзіны выпадак. Называюцца розныя лічбы людзей падобнага лёсу, якія трапілі за краты. Галуноў — гэта сьцяг пратэсту. Асноўны лёзунг тых, хто прыйшоў на Чыстыя пруды і адтуль па Бульварным кальцы спрабавалі прайсьці да Пятроўкі 38, быў такім — А што з астатнімі? Адносна Галунова ўлада прызнала, што памылілася, прызналася, што дзеяньні яе прадстаўнікоў былі ня проста незаконныя, але і амаральныя.

Маніфэстанты зачытвалі сьпісы людзей, чыйго вызваленьня яны патрабавалі, там было некалькі дзясяткаў імёнаў. Гэта журналісты, грамадзкія актывісты, якіх па вельмі надуманых падставах адпраўляюць за краты.

Чаму маніфэстантаў затрымлівалі? Маніфэстацыя не была дазволеная. Не было ніякай арганізацыі, не было ні сцэны, ні мэгафонаў, людзі ня ведалі, куды ісьці. Адна група пайшла, за ёй пацягнуліся астатнія. Акцыя была вельмі хаатычная і спантаная.

Паліцыянты перагарадзілі шлях, а там завулкаў асабліва няма, каб збочыць. Людзі пачалі ціснуць на паліцыю, паліцыя пачала іх захопліваць. Адсюль гэтыя 400 чалавек затрыманых.

— Калі казаць пра больш шырокі кантэкст — чаму Галуноў? Вы сказалі, што такіх справаў вельмі шмат. Але чаму менавіта яго справа выклікала такі нечуваны рэзананс, дзякуючы якому ён і быў вызвалены?

— Шмат журналістаў, грамадзкіх актывістаў трапляюць пад суд. Але гэта адбываецца пераважна ў правінцыі. Усе ведаюць, што гэта кепска, за іх зьбіраюць подпісы і грошы. Але пры гэтым ёсьць адчуваньне, што нейкая прастора для свабоды выказваньня застаецца. А Галуноў — гэта чалавек з цэнтру, адзін з асноўных расейскіх журналістаў, які робіць расьследаваньні. Яго ў Маскве ведаюць.

Калі зь ім здараецца тое ж, што і з малавядомымі журналістамі, гэта азначае, што на гэтым свабода слова ў Расеі скончылася. Скончылася нават у кампрамісным, абмежаваным, абскубаным выглядзе. Калі можна Галунова, то некалькі дзясяткаў іншых журналістаў — расьследавальнікаў можна «закрываць».

Гэта было б вяртаньне ў эпоху да галоснасьці, да 1985 году. Таму людзі і выйшлі на вуліцы — гэта была экзыстэнцыйная пагроза.

Як затрымлівалі 400 удзельнікаў дэманстрацыі ў цэнтры Масквы. ФОТА

— Вы напісалі ў ФБ пасьля вызваленьня Галунова, што расейцам ня варта надта радавацца. Вы спаслаліся на беларускі вопыт, які вы ўжо шмат гадоў вывучаеце. А ў чым вы бачыце падабенства і адрозьненьні? І, так бы мовіць, у чым беларускі ўрок для расейцаў?

— Пасьля 2014 году Расея ўсё больш зачыняецца. І ў Маскве напружанасьць нібыта разьлітая ў паветры — калі яна закрыецца канчаткова. З Расеі зараз вельмі вялікая эміграцыя. Ёсьць зьвесткі, што з Масквы эміграцыя зараз такая ж, як была ў 1995 годзе.

Што да розьніцы паміж Беларусьсю і Расеяй. Уявіце сабе, што ў Беларусі назіраўся б нейкі дэмакратычны працэс з 1991 году да 2014 году. Вось не было б Аляксандра Рыгоравіча. А быў бы замест яго ўсё ж дэмакратычны лідэр, можа ня самы разумны, ня самы пасьпяховы. Але за гэтыя больш чым 20 гадоў зьявілася пакаленьне, нават паўтара пакаленьня, якое ня ведае гэтых аўтарытарных рэалій.

А потым уявіце сабе, што ў 2014 годзе ўсё гэта рэзка касуецца. У Расеі гэта і адбываецца. Расея такая ж аўтарытарная краіна, як і Беларусь, але ў яе быў даволі вялікі часовы прамежак, калі аўтарытарызм быў такі празрысты, што здавалася, што тут нават дэмакратыя.

На сёньняшнім маршы было бачна, што там у асноўным маладыя людзі — ад 25 да 35 гадоў. Вось наступнае пакаленьне, якое вырасла цалкам пры Пуціне, пры прапагандзе — яно, хутчэй за ўсё, будзе іншым. Ідзеш, сустракаеш знаёмых і яны з настальгіяй прыгадваюць які 2011 ці 2012 год, яны яшчэ памятаюць прэзыдэнта Мядзьведзева. Тады Эўропа была побач, працавалі газэты. А зараз Расея прызвычайваецца да аўтарытарызму, вучыцца быць Беларусьсю.