Як Менску дагнаць Варшаву. Раіць польскі дасьледнік будучыні

Ілюстрацыйнае фота

Сталіца Беларусі на 110 месцы ў рэйтынгу самых разумных гарадоў. Менск атрымаў высокія ацэнкі за сацыяльную гармонію (згуртаванасьць), эканоміку, гарадзкое плянаваньне. Найменш балаў — за чалавечы капітал і ўпраўленьне.

Сярод суседзяў Беларусі найвышэй Варшава — на 69 месцы. Свабода зьвярнулася да самага вядомага спэцыяліста ў Польшчы па разьвіцьці гарадоў з просьбай патлумачыць, што і як рабіць, каб ваш горад стаў разумнейшым за іншыя.

Эдвін Бэндык узначальвае Цэнтар дасьледаваньня будучыні і кіруе аддзелам навукі ў адным з самых уплывовых польскіх часопісаў «Polityka». Ён займаецца праблематыкай гарадоў, цывілізацыйнымі пытаньнямі і ўплывам тэхнікі на грамадзкае жыцьцё. Нядаўна ён выдаў адмысловае дасьледаваньне-рэйтынг жыцьця ў польскіх гарадах, паказаўшы, як імкліва яны зьмяніліся за гады пасьля падзеньня камунізму.

Эдвін Бэндык

Ажно 90% палякаў, як паказваюць сацыялягічныя дасьледаваньні, задаволеныя сваімі гарадамі. А яўка на мясцовых выбарах у Польшчы нават большая, чым у парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх. Але так было не заўсёды.

Першы крок, які не дае гарантыю, але дае шанец

Імпульс для разьвіцьця польскіх гарадоў дала рэформа мясцовага самакіраваньня. Да 1990 года сыстэма кіраваньня гарадамі, мястэчкамі і вёскамі ў Польшчы, была амаль такой жа, як і ў Беларусі.

«Мясцовая рэформа дала населеным пунктам незалежнасьць. Гэта ня толькі выбары ваяводаў, мэраў ці войтаў, — кажа Бэндык. — Гэта таксама самастойнае прыняцьце рашэньняў наконт бюджэту, што мы будуем, у што інвэстуем. Гэтага больш не вырашае Варшава ці цэнтар ваяводзтва».

Сутнасьцю нашай трансфармацыі была перадача часткі паўнамоцтваў мясцоваму кіраўніцтву і жыхарам. Сёньня польскія мясцовыя ўлады маюць амаль такія ж паўнамоцтвы, як і ў Скандынавіі.

Сопат - пераможца рэйтынгу якасьці польскіх гарадоў

«30 гадоў таму мы толькі пачыналі вучыцца самастойнасьці. У розных гарадах бывала па-рознаму. Але калі ў 2004 годзе мы ўвайшлі ў Эўразьвяз, то ў нашых гарадах і мястэчках ужо працавала ўлада, якая змагла скарыстацца тымі шанцамі, што давала эўрапейская інтэграцыя. Найперш гэта сродкі, якія дае Эўрапейскі зьвяз. Людзі ведалі, як іх атрымаць і як эфэктыўна выкарыстаць інвэстыцыі».

Сёньня ажно 80% дзяржаўных інвэстыцый у Польшчы ажыцьцяўляюць органы мясцовага самакіраваньня. Менавіта яны сталі галоўным рэалізатарам задачаў, за якія раней адказвала цэнтральная ўлада. Люблін, напрыклад, змог атрымаць зь бюджэту ЭЗ больш за 1 млрд 100 млн эўра. Гэта роўна дзесяць гадавых бюджэтаў гораду на інвэстыцыі.

«Гэтыя грошы ідуць на інфраструктуру і павышэньне эстэтыкі, на якую раней людзі проста не зьвярталі ўвагу. Яны жылі на працы і ў кватэры. Сёньня гарады становяцца іхнымі. Яны хочуць праводзіць вольны час у гарадзкой прасторы, а не ў дамах. У выніку расьце багацьце і якасьць культурнай праграмы, якую прапануюць жыхарам польскіх гарадоў».

Але грошы ідуць ня толькі на інфраструктуру. Летась Варшава, напрыклад, выдаткавала на датацыі недзяржаўным арганізацыям амаль 40 млн даляраў. Уроцлаў і Познань па 24 млн. Менавіта ў руках мясцовага самакіраваньня знаходзіцца 70% бюджэту краіны на культуру. То бок, на якія тэатры, кіно, цэнтры культуры, мерапрыемствы ці іншыя праекты выдаткаваць грошы, вырашаюць у кожнай мясцовасьці, а не начальства ў сталіцы.

Мясцовае самакіраваньне не дае гарантыю, але дае шанец, што будзе лепш, лічыць Эдвін Бэндык

Зь беднаты ў фаварыты

Калі на пачатку 90-х у Польшчы пачалася рэструктурызацыя пасьля прамысловай эпохі, то гарадам на ўсходзе краіны, якую палякі называюць «Польшча Б» агучвалі вельмі сумныя прагнозы. Жэшуву, Любліну і Беластоку не давалі ніякіх шанцаў, што ім удасца выбіцца зь беднасьці.

«Сёньня гэта гарады, якія разьвіваюцца найбольш імкліва. Ці ідэальныя яны? Не. Калі нехта шукае там высокую культуру, напрыклад, то яму там будзе цяжка яе знайсьці. Жэшаў сёньня — гэта хутчэй аналяг польскай „крэмніевай даліны“. Там разьвіваецца прадпрымальніцтва, інжынэрыя, шмат адбываецца ў галіне тэхнікі і прамысловасьці, высокіх тэхналёгіяў. Іншы фэномэн апошніх гадоў — Люблін. Я памятаю гэты горад з 2004 года, гэта была панурая дзіра. Сёньня гэта мэтраполія. Таму цалкам ідэальнага гораду для ўсіх няма, але любы чалавек у Польшчы можа знайсьці ідэальны горад для сябе».

Жэшаў

Цяпер Эдвін Бэндык сочыць за вынікамі дэцэнтралізацыі ва Ўкраіне, якая пачалася пасьля Майдану. Там выдаткі на інфраструктурныя інвэстыцыі вырасьлі ў два разы, напрыклад, на будаўніцтва дарог.

Кожнай мясцовасьці патрэбны індывідуальны падыход, а ня схема Горад павінен адказваць на чаканьні людзей, бо ў розных гарадоў іншыя культурна-грамадзкія чаканьні, лічыць Эдвін Бэндык. Вельмі часта гэта залежыць ад гісторыі гораду, якая ўплывае на сьвядомасьць яго жыхароў.

«Жыхары Шчэціна або Кракава маюць абсалютна іншы досьвед. Шчэцін увайшоў у Польшчу толькі ў 1945 годзе, таму трэба разумець, што палякі пачалі ствараць яго зусім нядаўна. Любой мясцовасьці патрэбны іншы падыход. Напрыклад, у Варшаве ня плаціцца ў выходныя за паркінг, бо ў горадзе і так малы рух. Але ў курортным Сопаце гэта проста неабходна, бо ў выходныя туды прыяжджаюць тысячы людзей. І грошы ад паркоўкі гораду на карысьць».

Люблін

Так павінны вырашацца і праблемы. У Кракаве, напрыклад, вялікай праблемай зьяўляецца смог. 10 гадоў таму гэтай праблемай заняліся грамадзкія арганізацыі і зацікавілі гэтым мясцовыя ўлады. Уладам у Варшаве спатрэбілася 10 гадоў, каб пачаць пошук адказу на пытаньне, як зь ім эфэктыўна змагацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ураджэнец Ганцавічаў стаў адным з найлепшых польскіх мэраў і зрабіў з гораду казку

Ад чаго залежыць якасьць жыцьця

  • Некалі галоўным паказьнікам было беспрацоўе і яно найперш уплывала на якасьць жыцьця. Цяпер усё наадварот. Польшча адчувае дэфіцыт працоўных рук.
  • Людзі пачалі зьвяртаць вялікую ўвагу на якасьць навакольнага асяродзьдзя, на чысьціню паветра.
  • Нягледзячы на тое, што мы шмат працуем, мы ўсё больш зьвяртаем увагу на тое, чым можна заняцца пасьля працы і як файна пабавіць час.
  • Адукацыя. Гэта вельмі важна для бацькоў і дзяцей.
  • Даступнасьць службы аховы здароў.
  • Бясьпека
  • Доступ да інтэрнэту

Ня хлебам адзіным. Як стварыць дух гораду

Афрыкарыюм ва Ўроцлаве

​«Гарады павінны прыдумаць сваю фішку, ідэю для аповеду пра сябе. Я бачу, як гэта мяняецца ва Ўкраіне. У Івана-Франкоўску адчыняюцца шыкоўныя кавярні. Яны будуюць міт вакол кавы. У іх там кожныя 100 мэтраў аўтаматы з эспрэса, я ім шчыра зайздрошчу, у Польшчы такога няма.

У Польшчы імпульсам для пошуку духу гораду стаў конкурс на званьне „Эўрапейская сталіца культуры“. Гэта быў першы майстар-кляс. Гарады шукалі, што ж яны сабой увасабляюць. Дагэтуль многія гарады жылі постіндустрыяльнай траўмай, а потым сталі перад неабходнасьцю нанова напісаць ідэю для свайго гораду.

Важным фактарам стала культура. У Шчэціне, напрыклад, яшчэ 5 гадоў таму ўсё канцэнтравалася вакол вэрфі, якая зачынялася. Але гэта ўжо мінулае. Сёньня ў горадзе адчынілася шмат новых цікавых аб’ектаў, такіх як філярмонія, і ўся гісторыя гораду круціцца вакол гэтага. Людзі адчуваюць, што гэта стварылі яны, а не былыя жыхары гораду — немцы. У гэтым і цымус, каб людзі адчувалі горад сваім, а ня проста месцам, дзе яны працуюць і сьпяць у кватэры».

Шчэцінская філярмонія

Як улады навучыліся шукаць вырашэньня пытаньняў разам з жыхарамі

Forsight (прагназаваньне) — сыстэма доўгатэрміновага плянаваньня.

«Такія дасьледаваньні могуць падказаць гораду, што будзе для яго найважнейшым выклікам і шанцам празь некалькі гадоў. Гэта ня проста гутарка, каб пагаварыць. Пачацца forsight можа ад размоў экспэртаў з жыхарамі і перарасьці ў сыстэматычныя размовы пра будучыню. Выкарыстоўваецца пэўная тэхніка. Аналізуюцца аб’ектыўныя трэнды. Можна, напрыклад, правесьці аналіз дэмаграфічнай пэрспэктывы.

Абмеркаваньні прыводзяць да канкрэтных ініцыятываў. Умоўна кажучы, калі вядома, што праз 20 гадоў ня будзе запатрабаваньня на шахцёраў у нейкім горадзе, то бацькі ня стануць аддаваць свайго сына ў школу гарнякоў. У ідэальным варыянце да гэтага далучаецца ўлада і падтрымлівае высновы дасьледаваньня канкрэтнымі інвэстыцыямі».

Грамадзкі бюджэт — дэмакратычны працэс абмеркаваньня і прыняцьця рашэньняў, у якім кожны жыхар населенага пункта можа ўплываць на выдаткі муніцыпальнага бюджэту

«Спачатку гэтую ідэю ўспрымалі як лухту. Упершыню яна ўдалася ў Сопаце ў 2011 годзе. А праз тры гады гэтым займаліся, практычна, усе гарады. У выбары праектаў удзельнічае ад 10 да 15% жыхароў. Гэта часта адзіны шанец правесьці рашэньне, якое б сама ўлада наўрад ці прыняла б. Напрыклад, у маім раёне ў Варшаве адна з актывістак прапанавала пабудаваць парк забавы для дарослых. Гучыць абсурдна і мясцовыя дэпутаты ніколі б за гэта не прагаласавалі. Або іншы прыклад — павялічэньне колькасьці лавак у горадзе. Мэрыя не лічыла гэта патрэбным, бо пасядзець жа можна і ў бары. Але людзям трэба было такое грамадзкае месца. Часам гэта дробязі, але яны ствараюць клімат у горадзе. Усе гэтыя праекты — гэта таксама вельмі важная крыніца інфармацыі. Улада бачыць, што сапраўды важна для жыхароў».

Грамадзкая дыскусія — сыстэма вырашэньня канкрэтных праблемаў населенага пункта

«Гэта прыйшло з Даніі. Спачатку на падставе сьпісу жыхароў ствараецца падборка, якія адлюстроўвае структуру гораду. Ім дасылаецца запрашэньне з пытаньнем, ці былі б яны гатовыя ўзяць удзел у альтэрнатыўным парлямэнце. У Гданьску ў ім пагадзіліся ўдзельнічаць некалькі соцень зь некалькіх тысячаў. Потым праходзіць лёсаваньне і выбіраюцца 57 чалавек. Бо гэта дае гарантыю, што абраныя людзі не зьвязаныя з групай інтарэсаў. Жыхары сустракаюцца з экспэртамі. Тэма, напрыклад — забруджваньне паветра. Яны максымальна тлумачаць жыхарам тэматыку. Потым рыхтуецца каталёг з прапановамі і напрыканцы ідзе галасаваньне па рэкамэндацыях. У Гданьску, дзе гэта адбылося ўпершыню ў Польшчы, рашэньне з 85% падтрымкі ўдзельнікаў станавілася абавязковым для ўладаў гораду для выкананьня».

Што рабіць з малымі мясцовасьцямі

Чорштын, у гарах Татрах

Выміраньне малых мясцовасьцяў — гэта праблема ня толькі Беларусі, а ўсёй Цэнтральна-Усходняй Эўропы. Спачатку прычынай была эміграцыя, а цяпер — малая нараджальнасьць. У Польшчы няма адзінай стратэгіі, як запаволіць гэты працэс. Кожны горад падыходзіць да праблемы індывідуальна.

«У былым прамысловым горадзе Старахавіцэ, у Сылезіі, улады вырашылі заахвоціць моладзь заставацца новымі кватэрамі і адбудовай старых будынкаў. Для гэтага яны стараюцца актыўна выкарыстоўваць сродкі Эўразьвязу. Цяпер у людзей там ёсьць прынамсі нагода, каб задумацца, ці варта застацца. Але, зразумела, з часам будзе зьяўляцца канкурэнцыя і адны гарады будуць выйграваць сваёй прыцягальнасьцю, а іншыя будуць выміраць. Гэта непазьбежна».

Ратунак Эдвін Бэндык бачыць і ў аўтаматызацыі. Нягледзячы на тое, што людзі баяцца будучыні, дзе робаты захопяць іхныя працоўныя месцы, Бэндык кажа, што нават пры зьмяншэньні колькасьці людзей іх даход можа расьці. Ён прыводзіць прыклад Японіі, эканоміка якой 20 апошніх гадоў была ў стагнацыі, але ў той жа час жыхары краіны багацелі. Прыцягненьне працоўных рук зь іншых краінаў японцы ня бралі пад увагу. Японцы з насьцярожанасьцю ставяцца да эмігрантаў і нават карэйцаў лічаць чужымі.

Ці могуць мястэчкі і вёскі ізноў расквітнець

Могуць. І гэта не фантазіі, лічыць Бэндык. Справа ў тым, што сучасныя мэтраполіі жывуць з абслугі сусьветнага капіталу і глябалізацыі. Але няма гарантыі, што так будзе заўсёды.

Вёска Сацы, Падляшша

«Калі лопне сыстэма, то мы можам апынуцца ў цалкам іншай сытуацыі. Да гэта імкнецца, на маю думку, Дональд Трамп. Можа паўтарыцца сытуацыя 60-70 гадоў мінулага стагодзьдзя, калі сьвет рэгіяналізаваўся і ўтвараў блёкі. І роля вялікіх мэтраполій будзе тады зьмяншацца, а расьці будзе роля так званай рэальнай эканомікі. Фабрыкі сёньня акурат у невялікіх мясцовасьцях, і іх роля пачне тады расьці, а мэтраполіі будуць дэградаваць. У Кракаве, напрыклад, у 2001 годзе не было нікога ў сэктары бізнэс-паслуг. А сёньня гэта 70 тысяч чалавек. Яны могуць зьнікнуць гэтаксама нечакана, як і зьявіліся».

Зрэшты, і закрыцьцё фабрык у малых мясцовасьцях не азначае аўтаматычна іх сьмерці. Бэндык прыводзіць прыклад аднаго з гарадоў з 40 тысячамі насельніцтва, дзе быў зачынены завод, які даваў працу 20 тысячам. Мясцовая ўлада скарысталася наяўнасьцю спэцыялістаў у прамысловасьці і прыцягнула ў горад новага інвэстара — кампанію MAN. Яна працаўладкавала менш чым 20 тысяч, але ў горадзе ўзьнікла патрэба ў інфраструктуры для новай кампаніі. Так узьніклі новыя месцы працы.

У доўгатэрміновай пэрспэктыве, лічыць Бэндык, і сельская гаспадарка ня ў стане будзе ўтрымаць жыхароў у вёсках. Яны будуць вымушаныя ўцякаць у гарады.

«У Польшчы многія фэрмэры працуюць яшчэ толькі таму, што яны атрымліваюць сродкі Эўразвьязу. Дзякуючы гэтай дапамозе іх прыбытак расьце, але штучна. У рынкавых умовах польскія фэрмэры ня змогуць працаваць. Гэтыя датацыі будуць з часам зьмяншацца і людзі будуць вымушаныя шукаць іншую працу. Але і попыт на працу ў той жа час вырасьце. Яны паедуць у гарады. Так завершыцца ўрбанізацыя.

Будучыня — у мэтраполіях

Варшава

​У бліжэйшай будучыні адбудзецца кансалідацыя вялікіх гарадоў і іх найбліжэйшых ваколіцаў, перакананы Эдвін Бэндык. Яшчэ 10 гадоў таму вялікія гарады проста ўсмоктвалі ў сябе маленькія мясцовасьці. Сёньня гэта адбываецца паводле іншага прынцыпу, бо там жывуць цалкам іншыя людзі.

«Раней людзі зь вялікіх гарадоў уцякалі на ўскраіны, бо там была таньнейшая зямля і, здавалася, лепшая якасьць жыцьця. Гэта прывяло да таго, што ў вёсках вакол вялікіх гарадоў сёньня жыве ўжо сярэдняя кляса зь вялікімі даходамі і палітычнымі кампэтэнцыямі, а не сяляне. Так будуць узьнікаць новыя аглямэрацыі. Яны будуць шукаць ідэі для стварэньня адзінай камунікацыйнай сеткі, адукацыйных паслуг і г. д. Найважнейшымі будуць вялікія гарады і населеныя пункты ў бліжэйшай адлегласьці, менавіта там будуць канцэнтравацца людзі і капітал. Яшчэ 10 гадоў таму будучыня вялікіх гарадоў была няясная, а сёньня іх лёс абсалютна відавочны».