Турысты публікуюць ў Інстаграм свае паўголыя сэлфі з Чарнобылю. ФАТАФАКТ

Турысты ў Прыпяці. Ілюстрацыйнае фота

Чарнобыльскі сэрыял пра ядзерную катастрофу 1986 году падвысіў цікаўнасьць турыстаў да наведаньня закінутай АЭС і яе ваколіцаў. Турыстычныя агенцыі паведамляюць пра 30-40% павелічэньне колькасьці экскурсіяў.

Сярод наведнікаў ёсьць і тыя, хто выкарыстоўвае фота, зробленыя ў Чарнобылі, для падвышэньня сваёй папулярнасьці ў сацыяльных сетках, піша брытанскі штодзёньнік The Guardian.

«Добра, што сэрыял НВЛ натхніў людзей накіравацца ў зону, — кажа сцэнарыст Крэйг Мазін. — Але, калі ласка, памятайце, што адбылася велізарная трагедыя. Паважайце ўсіх, хто пацярпеў і паклаў там свае жыцьці».

Такім чынам ён адрэагаваў на некаторыя недарэчныя фотаздымкі, якія распаўсюджваюцца ў Інстаграме. Напрыклад, адна з наведніц Прыпяці сфатаграфавалася ў бялізьне, у паўзьнятым ахоўным касьцюме.

Мінісэрыял зь пяці частак супольнай вытворчасьці HBO і Sky рэканструюе гісторыю ядзернай катастрофы 1986 году. Сэрыял выклікаў захопленыя водгукі і многімі называецца лепшым сэрыялам у гісторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лягасаў як Адамовіч, Хамюк як Алексіевіч? Нобэлеўская ляўрэатка разьбірае сэрыял «Чарнобыль»