Улады Ганконгу адклалі разгляд законапраекту, які дазваляе экстрадыцыю жыхароў гораду ў мацерыковы Кітай — пасьля таго, як у сераду дзясяткі тысяч удзельнікаў акцый пратэсту заблякавалі будынак мясцовага заканадаўчага сходу, а таксама асноўныя вуліцы ў цэнтры гораду.
Паведамляецца, што ў шэрагу месцаў у цэнтры Ганконгу пратэстоўцы ўзьвялі барыкады. Адбыліся сутыкненьні з паліцыяй, якая ўжыла сьлезацечны газ супраць групы ўдзельнікаў пратэстаў, якая спрабавала штурмаваць заканадаўчы сход.
Шмат хто з жыхароў гораду ўдзельнічае ў сераду ў забастоўцы супраць прыняцьця законапраекту.
Калі цяпер будзе разгледжаны дакумэнт, невядома. Пасьля папярэдняй акцыі пратэсту ў нядзелю, якая сабрала, паводле шэрагу паведамленьняў, мільён чалавек, падкантрольныя Кітаю ўлады Ганконгу заяўлялі, што ня маюць намеру адмаўляцца ад сваіх плянаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі на акцыю пратэсту выйшаў 1 мільён чалавекЖыхары гораду выступаюць супраць законапраекту, паколькі асьцерагаюцца, што ён можа быць выкарыстаны для выдачы ў мацерыковы Кітай крытыкаў уладаў. Крытыкі законапраекту паказваюць на парушэньні правоў чалавека ў КНР і на непадабенства прававых сыстэм Ганконгу і мацерыковага Кітаю. Улады сьцьвярджаюць, што мэта законапраекту — выключна барацьба са злачыннасьцю.
Кітайскі сувэрэнітэт над Ганконгам быў адноўлены ў 1997 годзе, прычым горад атрымаў пэўную аўтаномію і гарантыю непахіснасьці існуючай прававой сыстэмы як найменш на 50 гадоў. Апошнім часам улады Кітаю, аднак, зрабілі шэраг крокаў, накіраваных на далейшае абмежаваньне аўтаноміі Ганконгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ганконгу прайшоў шматтысячны марш пратэсту супраць магчымасьці экстрадыцыі ў Кітай