Прэзыдэнт Чарнагорыі выступіў за аднаўленьне аўтакефаліі Чарнагорскай праваслаўнай царквы

Міла Джуканавіч, 20 траўня 2018 году

Прэзыдэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч выступіў за аднаўленьне аўтакефаліі Чарнагорскай царквы. Ён сьцьвярджае, што гэта было б «важным крокам на шляху пераадоленьня гістарычнай несправядлівасьці».

У звароце да членаў узначальванай ім Дэмакратычнай партыі сацыялістаў у сваім родным горадзе Нікшыч Джуканавіч сказаў, што ён будзе аддана працаваць для ажыцьцяўленьня гэтай мэты.

Сэрбская праваслаўная царква (СПЦ), паводле Міла Джуканавіча, у Чарнагорыі «захоўвае інфраструктуру вялікасэрбскай ідэі». Ён удакладніў, што «СПЦ спрабуе любым спосабам тармазіць эўрапейскія імкненьні і эўрапейскія амбіцыі сучаснага чарнагорскага грамадзтва, жадаючы такім чынам захаваць рэлігійную манаполію ў Чарнагорыі, тармазіць ўвядзеньне прававой дзяржавы і карыстацца тым, што ёй не належыць, згодна з прававой сыстэмай Чарнагорыі».

У адказ на такую заяву кіраўніка дзяржавы чарнагорскі мітрапаліт СПЦ Амфілохі заявіў, што гэта «першы выпадак, калі дэкляраваны атэіст стварае царкву». Згаданы герарх належыць да так званых «ястрабаў» у рамках сэрбскай царквы. Ён быў заўзятым пасьлядоўнікам былога сэрбскага прэзыдэнта Слобадана Мілошавіча і прыхільнікам вялікасэрбскай ідэі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Чарнагорыі будуць дамагацца аўтакефаліі для сваёй царквы

У лістападзе мінулага года парлямэнт Чарнагорыі прыняў рэзалюцыю, якою адмяніў рашэньне аб далучэньні да Сэрбіі, якое было прынятае ў 1918 годзе. Тым рашэньнем стогадовай даўнасьці была пазбаўленая ўлады чарнагорская дынастыя Пятровіч-Нэгаш і адмененая аўтакефалія Чарнагорскай праваслаўнай царквы.

Аўтакефальную ЧПЦ аднавілі і першага мітрапаліта абралі на народным сходзе ў 1993 годзе, які быў названы саборам. Да гэтага часу ніводная з праваслаўных цэркваў не прызнала чарнагорскай аўтакефаліі, хоць некаторыя грузінскія, баўгарскія і ўкраінскія біскупы ўдзельнічалі ў набажэнствах разам з кіраўніком ЧПЦ мітрапалітам Міхаілам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрбская праваслаўная царква не прызнае аўтакефалію Ўкраіны — СМІ

Пасьля аднаўленьня аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Ўкраіны ў чарнагорскай і сэрбскай прэсе было надрукавана нямала матэрыялаў, у якіх адзначалася, што кананічна непрызнаныя Чарнагорская і Македонская цэрквы спадзяюцца на ўрэгуляваньне свайго статусу паводле ўкраінскага сцэнару.