Лідэры апазыцыйных партыяў Вольга Кавалькова (БХД), Ігар Барысаў (БСДП «Грамада»), Мікалай Казлоў (АГП) і Юрась Губарэвіч (рух «За свабоду») падалі ў суд пазоў да ГУУС Менгарвыканкаму аб скасаваньні дамовы на аказаньне паслугаў аховы мітынгу-канцэрту да Дня Волі, які прайшоў 24 сакавіка, піша «Вясна».
Скасаваць дамову на ўжо аказаныя паслугі просяць праз тое, што ў час мітынгу-канцэрту былі беспадстаўна затрыманыя былы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, а пасьля і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які спрабаваў высьветліць прычыны затрыманьня Дашкевіча.
«Падобныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі нанесьлі іміджавыя страты заяўнікам мерапрыемства, бо сваімі дзеяньнямі яны паказалі, што знаходзіцца на пляцоўцы, дзе праходзіла масавае мерапрыемства, небясьпечна, і яны ня могуць гарантаваць бясьпеку як прысутным грамадзянам, так і тым, хто выступае са сцэны», — пішуць заяўнікі.
Таксама адзначаецца, што міліцыянты забаранялі пад пагрозай затрыманьня выходзіць з пляцоўкі канцэрту зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, «чым псавалі настрой людзям».
Паводле нядаўніх зьменаў у заканадаўства, якія міністар унутраных спраў называў «жэстачайшай лібэралізацыяй», арганізатары мітынгу мусілі сплаціць міліцыі за ахову 6375 рублёў. Арганізатары адмовіліся праз згаданыя ў позьве прычыны, за што былі аштрафаваныя кожны на 30 базавых велічыняў (765 рублёў) за «парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў». Штрафы не здымаюць зь іх абавязку аплаціць паслугі міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А мітынгі будуць? Палітыкі адказалі, што будзе з вулічнымі акцыямі пасьля адмовы ад «Чарнобыльскага шляху» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар унутраных справаў Шуневіч пайшоў у адстаўку