На аўкцыён выстаўлены аўтамабіль ГАЗ-21 «Волга», які належаў пісьменьніку Івану Мележу.
Дачка літаратара Ларыса Іванаўна пацьвердзіла Onliner, што па апісаньнях гэта сапраўды бацькава машына, на якой ён вазіў свае раманы ў маскоўскія выдавецтвы.
«Здаецца, аўтамабіль быў новым, калі апынуўся ў бацькі, — расказала жанчына. — Звычайна іх разьмяркоўвалі праз Саюз пісьменьнікаў, які афармляў заяўкі. Думаю, у нашым выпадку „Волга“ была атрымана якраз пры дапамозе гэтай арганізацыі».
ГАЗ-21, пра які ідзе гаворка, выпушчаны ў 1960 годзе. Тады мадэль заднепрываднога сэдану мела індэкс М-21, на такую «Волгу» маглі разьлічваць толькі вядомыя дзеячы і славутасьці.
Па словах спадарыні Ларысы, Іван Мележ актыўна карыстаўся аўтамабілем, падчас працы над кнігай «Людзі на балоце» езьдзіў на Палесьсе, а таксама ў маскоўскія выдавецтвы.
«У тыя часы нават знакамітыя пісьменьнікі дастаўлялі свае творы ў выдавецтвы самастойна, — прыгадвае яна. — Мама і тата набіралі тэкст на машынцы, потым грузілі паперы ў аўтамабіль і везьлі іх у Маскву. Абое мелі правы кіроўцы і з задавальненьнем кіравалі, пакуль дазваляла здароўе».
Потым у пісьменьніка зьявіўся ГАЗ-24 — новая мадэль «Волгі». Але доўга яна яму не паслужыла — праз два гады Іван Мележ памёр ад сардэчнага прыступу. Старая машына тым часам перайшла да фатографа Ўладзімера Крука.
«Гэта блізкі сябар сям’і, які часта бываў у нас у гасьцях, — гаворыць Ларыса Іванаўна. — Майстар, які зрабіў сэрыю выдатных здымкаў бацькі, за што мы яму вельмі ўдзячныя. Захавалася шмат здымкаў з татам у стозе сена, поруч зь бярозай ці проста ў сямейнай абстаноўцы. Наколькі памятаю, бацька ці то падарыў Уладзімеру Круку машыну, ці то прадаў за сымбалічную цану».
Калі «Волгу» рыхтавалі да аўкцыёну, у бардачку знайшлася дыягнастычная карта, выдадзеная на імя Ўладзімера Крука. Машына апынулася ў нашчадкаў, якія, мяркуючы па ўсім, цяпер вырашылі яе прадаць.