У якую краіну паступаць? Мы спыталі чытачоў у сацсетках. Вынікі адной карцінкай

«УКантакце» хіба кожны пяты хоча вучыцца ў Беларусі. «Фэйсбучных» нават больш цягне ў Эўропу і ЗША.

На мінулых выходных у Беларусі прайшла асноўная маса школьных выпускных. Большасьць выпускнікоў цяпер будзе паступаць ва ўнівэрсытэты. Мы спыталі сваіх падпісантаў на VK і Facebook, дзе б яны хацелі вучыцца ва ўнівэрсытэце. На «Фэйсбуку» адказалі 300 чалавек, а «ЎКантакце» прагаласавалі больш за 6000.

Выява ў высокай якасьці

Амаль чвэрць галасоў на VK за вучобу ў ЗША — 24,93%. Каля 21,19% — за Заходнюю Эўропу. У Беларусі хоча вучыцца прыблізна кожны пяты — 18,8%. У Польшчу хоча 13,36%.

Сьледам за гэтым ідзе варыянт «дзе заўгодна не ў Беларусі», і ён абганяе Расею. Менш за 3% хочуць вучыцца ў краінах Балтыі, крыху больш за 1% у краінах Азіі, каля 1% — ва Ўкраіне.

Калі лічыць толькі галасы зь Беларусі (іх на момант падліку было амаль пяць шостых), то карціна не мяняецца істотна. Старэйшыя за 17 гадоў крыху менш хочуць вучыцца ў Беларусі. Жанчыны (іх каля трох дванаццатых) крыху больш за мужчынаў хочуць вучыцца ў Расеі, а мужчыны крыху больш галасуюць за ЗША і Эўропу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі 1 з 10 першаклясьнікаў Беларусі вучыцца па-беларуску

На Facebook мы прапанавалі галасаваць «лайкамі» і выбіраць толькі зь пяці варыянтаў. Там за ЗША ці Заходнюю Эўропу прагаласавалі 60,67%, за Польшчу ці краіны Балтыі — 20,67%, за Беларусь — 7,33%, Расею ці Ўкраіну — 1,67%, за любую краіну акрамя Беларусі — 5%.

Выходзіць, нашыя чытачы з Facebook значна менш за чытачоў «УКантакце» хацелі б вучыцца ў Беларусі: 7,33% супраць 18,8%. У суме на VK галасы за ЗША, Заходнюю Эўропу, Польшчу і краіны Балтыі склалі 55,78%, а на FB — аж 81,33%.