У Менску праходзіць ХХ зьезд Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». Да 2009 году яна называлася Партыяй камуністаў Беларускай.
Прысутнічаюць каля 140 дэлегатаў. На лягатыпе форуму тры выявы: Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса і Ўладзіміра Леніна.
Старшыня «Справядлівага сьвету» Сяргей Калякін, які ачольвае партыю ўжо 25 гадоў, у сваёй справаздачы крытыкуе эканамічны стан Беларусі.
«У эканамічным пляне Беларусь ператварылася ў аўтсайдэра ўсясьветнага разьвіцьця. Сярэднегадавыя тэмпы прыросту ВУП за апошнія 8 гадоў складаюць крыху болей за 1%. Сёньня сумарныя даходы дзяржавы ў пераліку на цьвёрдую валюту амаль на траціну меншыя, чым 5 гадоў таму», — кажа Калякін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калякін пасьля 25 гадоў кіраўніцтва партыяй зноў хоча балятавацца на старшыню. Навошта?Партыйны лідэр перакананы, што «альтэрнатывай цяперашняму і па сваёй сутнасьці антынароднаму курсу павінен стаць разварот у бок сацыялізму». Але для гэтага неабходныя глыбокія перамены ў існай палітычнай сыстэме.
У другой палове дня адбудуцца выбары новага кіраўніцтва партыі. Два сябры партыі вылучылі на пасаду нязьменнага лідэра Сяргея Калякіна, таксама былі вылучаныя цяперашнія намесьнікі старшыні Аляксей Елісееў і Сяргей Вазьняк. Быў і самавылучэнец — Яўген Макараў, чалец Менскага гаркаму, інжынэр заводу «Інтэграл».
Сяргей Вазьняк узяў самаадвод, патлумачыўшы, што вельмі заняты працай у кампаніі «Гавары праўду!».
У выбарчым бюлетэні засталіся Сяргей Калякін, Аляксей Елісееў і Яўген Макараў.