6 чэрвеня Алесь Пушкін выйшаў да крамы «Эўраопт» у цэнтры Крупак з плякатамі Achtung Russia! і Bloodymir! з выявамі Пуціна, плякатамі Stop russian agression on Europe («Спыніце расейскую агрэсію ў Эўропе»), Russia — war! («Расея — вайна»), «Беларусь у NATO» і сьцягам Паўночнаатлянтычнага альянсу.
Мастака затрымалі падчас пэрформансу. Пушкін адмовіўся ісьці сам, і тады міліцыянты зацягнулі яго ў службовы аўтамабіль сілай. Толькі каля 16-й гадзіны наступнага дня мастака вывелі з пастарунку.
Алесь Пушкін абураны, што мастацкая супольнасьць не адрэагавала на ягонае затрыманьне.
«Прашу мастацтвазнаўцаў і арт-крытыкаў прыехаць у панядзелак і выступіць у судзе з клясыфікацыяй гэтай дзеі як перфомансу — віду сучаснага мастацтва, а не як пікета. Заадно праверым на „вашывасьць“ арт-супольнасьць і Саюз мастакоў! Калі ласка, бо мне кланяцца не выпадае. Заява ад ПЭН-цэнтра — адзіная рэакцыя творчых аб’яднаньняў! ПЭН-цэнтр напісаў, а мастакі — не!».
Суд адбудзецца ў судзе Крупскага раёна (Крупкі, вуліца Зайцава, 15) 10 чэрвеня ў 14.30. Мастака абвінавачваюць у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч.1. арт. 23.34 адміністрацыйнага кодэкса РБ).