Пасьля рашэньня Анкары набыць расейскія зэнітныя ракетныя комплексы С-400 ЗША спыняць навучаньне турэцкіх пілётаў на самалётах F-35. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на ананімныя крыніцы ў амэрыканскіх дзяржаўных структурах.
Паводле крыніц, рашэньне распаўсюджваецца на тых, хто зьбіраўся прыехаць у ЗША для навучаньня па абслугоўваньню самалётаў. На вайсковай базе ў штаце Арызона цяпер ужо знаходзяцца больш за 20 турэцкіх вайскоўцаў і тэхнікаў, а таксама чатыры пілёты, аднак яны змогуць застацца, сказалі крыніцы агенцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць вытворцы ракет С-300 і С-400Пры гэтым рашэньне і зусім можа быць адменена, калі Турэччына адмовіцца ад паставак расейскіх ракет, сьцьвярджаюць суразмоўцы Reuters.
Інфармацыю адмовіліся камэнтаваць у Міністэрстве абароны ЗША. У Пеэнтагоне заявілі, што перамовы аб набыцьці Турэччынай сыстэмы амэрыканскіх супрацьпаветраных комплексаў Patriot працягваюцца.
- Адносіны Анкары і Вашынгтону абвастрыліся ў выніку рашэньня турэцкага кіраўніцтва аб набыцьці расейскіх комплексаў С-400. Турэччына таксама мае намер закупіць сотню амэрыканскіх зьнішчальнікаў мадэлі F-35. Аднак улады ЗША заявілі, што дамоўленасьці з гэтай нагоды будуць адменены ў выпадку куплі расейскіх ракет. У Вашынгтоне настойваюць на тым, што Анкара ня можа адначасова карыстацца амэрыканскім і расейскім вайсковым абсталяваньнем.
- У адказ на гэтыя патрабаваньні прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган неаднаразова заяўляў, што пастаўкі С-400 ня будуць ставіцца пад сумненьне.
- Спрэчкі паміж ЗША і Турэччынай таксама выклікае тэма ўрэгуляваньня канфлікту ў Сырыі і санкцыйны рэжым у дачыненьні да Ірану. Акрамя гэтага Злучаныя Штаты патрабуюць вызваленьня амэрыканскіх грамадзян, затрыманых паводле падазрэньня ў датычнасьці да арганізацыі спробы ваеннага перавароту ў Турэччыне ў ліпні 2016 году.