Работнікі філіялу Ўпраўленьня будаўнічай індустрыі і камплектацыі ААТ «Гомельпрамбуд» дагэтуль не атрымалі красавіцкага заробку. «Нам налічылі за красавік прыкладна па 400 рублёў. Але і гэтых капеек мы пакуль у вочы ня бачылі», — кажа стропальнік Павал Главацкі.
6 чэрвеня работнікі ўпраўленьня накіравалі калектыўны зварот у пракуратуру Гомля. Яны просяць:
- правесьці праверку па факце нявыплаты заробку;
- разабрацца з прычынамі нявыплаты — бо «кіраўніцтва „Гомельпрамбуду“ матывуе нявыплату фінансавымі стратамі пры будаўніцтве Беларускай АЭС і горнаўзбагачальнага камбінату ў Туркмэністане»;
- даць прававую ацэнку дзеяньням службовых асоб «Гомельпрамбуду», а таксама ўраду і прэзыдэнта.
«Усё вельмі сумна на нашым прадпрыемстве»
Павал Главацкі робіць ва ўпраўленьні будаўнічай індустрыі і камплектацыі «Гомельпрамбуду» за стропальніка. Яны з калегамі стаміліся ад абяцаньняў кіраўніцтва выплаціць заробак «заўтра-пасьлязаўтра».
«Кіраўніцтва тлумачыць нам, што прадпрыемства мае вялікія фінансавыя страты — мільярдныя. І ні наш наймальнік, ні чыноўнікі ня могуць даць рады ў гэтай сытуацыі. Усё вельмі сумна на нашым прадпрыемстве», — кажа Павал.
Паводле Паўла, пасьпяховае некалі прадпрыемства, «будаўнічы гігант», займела фінансавыя праблемы каля чатырох гадоў таму.
«Наша кіраўніцтва не дае рады сваім абавязкам. Яны мусяць шукаць аб’ёмы работ і забясьпечыць нас. Што мы бачым? За год на „Гомельпрамбудзе“ зьмяніліся тры генэральныя дырэктары. Апошняя, Тацяна Сусла, таксама сышла, як і кіраўніцтва нашага ўпраўленьня. Карабель наш тоне, а яны зь яго ўцякаюць. Звычайна капітан апошні пакідае карабель, у нас — наадварот», — дадае стропальнік.
Ён спадзяецца, што пракуратура дапаможа спагнаць з прадпрыемства «наш жабрацкі заробак». У Паўла трое дзяцей. Ён пакуль не сплаціў камунальныя — няма грошай.
«Гомельпрамбуд» стаў жабраком празь Беларускую АЭС?
Павал лічыць, што ў фінансавую яму прадпрыемства загнала будаваньне па дзяржаўнай праграме Беларускай АЭС у Астраўцы («Гомельмпрамбуд» — адзін з падрадчыкаў) і горнаўзбагачальнага камбінату ў Туркмэністане.
«Гэтыя дзьве будоўлі загналі наша прадпрыемства ў калясальныя страты. АЭС будуюць па заданьні ўраду і прэзыдэнта, гэта дзяржаўная замова», — кажа Павал.
Юры Апякун робіць на прадпрыемстве 10 год электрагазазваршчыкам.
«Давялі яны нас да жабрацтва. Не ўпершыню такая сытуацыя. Мы ня хочам, каб гэта стала сыстэмай, таму напісалі ў пракуратуру. Мы ўсімі кінутыя, з намі ніхто ня лічыцца. Усе свае памылкі кіраўніцтва закрывае нашымі заробкамі», — кажа Юры.
Ён зьдзіўляецца: вытворчыя памяшканьні «Гомельпрамбуду» арандуюць прыватныя прадпрыемствы, і там праца кіпіць, заробкі нармальныя. «Прыватнікі нас клічуць да сябе. Палова нашых ужо да іх перайшла. А наша кіраўніцтва ніяк ня можа наладзіць вытворчасьць», — кажа электрагазазваршчык.
Васіль Максіменка працуе на «Гомельпрамбудзе» з 1985 году.
«Але такога бардаку яшчэ ня бачыў! Быў развал Савецкага Саюзу, перабудова, 90-я, рознае было. Але горш, чым цяпер — не было», — кажа Васіль. У яго праблемы з нагамі — «дапрацаваўся», заробку ў 400 рублёў ледзьве хапае на лекі.
«Кіраўніцтва лічыць сябе вышэйшай кастай, а работнікі для іх — ніхто», — кажа Васіль.
Неўзабаве да групы работнікаў, якія гутарылі з журналістамі ў перапынку на абед, падышоў невядомы супрацоўнік «Гомельпрамбуду» і пачаў пагражаць Паўлу Главацкаму. «Ты што тут — самы галоўны? Самы разумны? Я табе пастаўлю сёньня палову рабочага дня!» — крычаў невядомы.
Пра запазычанасьць ведаюць «усе ў краіне»
На прадпрыемстве «Гомельмпрамбуд» карэспандэнту Свабоды паведамілі, што сёньня выплацілі па сто рублёў кожнаму працуючаму і непрацуючаму работніку.
«Што будзе заўтра — я вам не скажу, я ня ведаю. Бо няма грошай, з намі не разьлічыліся заказчыкі. Невядома, чаму яны не аддалі даўгі за 2013 год, за 2010 год. Мы набудавалі. Гарлык (мястэчка ў Туркмэністане, дзе „Гомельмпрамбуд“ будаваў горнаўзбагачальны камбінат. — РС) усё нам памяшаў...
Запазычанасьць па заробках за красавік на сёньня застаецца яшчэ на ўзроўні 800 тысяч рублёў. За травень заробак яшчэ не налічвалі», — сказалі на прадпрыемстве.
Як дадалі на «Гомельпрамбудзе», пра гэтую запазычанасьць па заробках на прадпрыемстве ведаюць «усе ў краіне».
«Усе пытаньні трэба вырашаць зь першымі асобамі нашай арганізацыі і з вобласьцю. Я ня ведаю, што прымуць на ўзроўні Савету Міністраў і вобласьці», — сказалі ў фінансавай службе прадпрыемства.