Шыльду з партрэтам культавага польскага музыканта і кампазытара беларускага паходжаньня Чэслава Немэна ўрачыста адкрылі 6 чэрвеня на гуманітарным каледжы, што паблізу ад горадзенскага аўтавакзалу.
На ўрачыстым адкрыцьці сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Яно праходзіла пад дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі, сьцягамі галоўнага горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы і сьцягам БРСМ.
Аўтар шыльды — горадзенскі скульптар Уладзімер Панцялееў. На ёй партрэт музыкі. Надпісы — па-беларуску і па-польску.
На адкрыцьці прысутнічалі другая жонка Чэслава Немэна Малгажата, якая жыве ў Польшчы, маршалак польскага Сэнату Станіслаў Карчэўскі, старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясьніковіч.
Месца для памятнай дошкі абралі невыпадкова. Некалі ў гэтым будынку на рагу вуліц Кірава і Леніна месьцілася музычна-пэдагагічная вучэльня, дзе ў 1954–1955 гадах у клясе домры вучыўся Чэслаў Выдрыцкі (Немэн — ягоны псэўданім).
Чэслаў Выдрыцкі нарадзіўся 16 лютага 1939 году ў вёсцы Старыя Васілішкі на Горадзеншчыне. Калі Чэславу было 19 гадоў, сям’я выехала ў Польшчу. На пачатку 1960-х ён пачаў выступаць на польскай эстрадзе. Менавіта ў гэты пэрыяд Выдрыцкі ўзяў сабе псэўданім Немэн (у гонар ракі Нёман, на якой вырас).
Прызнаньне прыйшло да артыста ў 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую вэрсію ягонай песьні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». Вельмі папулярнымі былі ягоныя альбомы, запісаныя ў 1960-х: «Dziwny jest ten świat...», «Czy mnie jeszcze pamiętasz?» і «Sukces». Немэн асацыюецца з эпохай біту і рытм-энд-блюзу другой паловы 1960-х. Агулам у ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне і Польшчы Немэн выпусьціў 21 альбом. Яго называюць адным з самых яскравых прадстаўнікоў эўрапейскага прагрэсіў-року.
Чэслаў Немэн памёр у 2004 годзе. Пахаваны ў Варшаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хлопец з Васілішак стаў адным з самых яскравых прадстаўнікоў эўрапейскага прагрэсіў-року