У 220-ю гадавіну нараджэньня расейскага паэта Аляксандра Пушкіна ягоны беларускі цёзка мастак Алесь Пушкін зладзіў пэрформанс супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі.
6 чэрвеня Алесь Пушкін выйшаў да крамы сеткі «Эўраопт» у цэнтры Крупак з плякатамі «Achtung Russia!» і «Bloodymir!» з выявамі Пуціна, а таксама плякатамі «Stop russian agression on Europe» («Спыніце расейскую агрэсію ў Эўропе»), «Russia — war!» («Расея — вайна»), «Беларусь у NATO» і сьцягам Паўночнаатлянтычнага альянсу.
Пратэстнай пляцоўкай стала крама «Эўраопт» у горадзе Крупкі Менскай вобласьці, у якой 8 траўня ў Пушкіна адбыўся інцыдэнт на моўнай глебе, там яго адмовіліся абслугоўваць па-беларуску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пушкін-мастак правёў пэрформанс за беларускую мову ў дзень нараджэньня Пушкіна-паэта
Праз паўгадзіны да Алеся Пушкіна выйшаў ахоўнік крамы, які выклікаў міліцыю. Некаторыя наведнікі тым часам спрабавалі справакаваць яго на канфлікт. Неўзабаве пад'ехала машына з праваахоўнікамі, але блізу паўгадзіны тыя перамаўляліся па тэлефонах і актыўных дзеяньняў не ўчынялі.
Роўна а 17-й прыбыло падмацаваньне і пачаўся захоп пэрформэра. Міліцыянты канфіскавалі ўсе плякаты і натаўскі сьцяг. Самога мастака спрабавалі затрымаць, але Пушкін супраціўляўся, тады яго сілай пацягнулі па прыступках.
Дата была пэрформансу выбраная невыпадкова: 6 чэрвеня — дзень нараджэньня расейскага паэта Аляксандра Пушкіна, мовай якога часта прыкрываюцца староньнікі дзяржаўнага двуязычия.
Мастак Алесь Пушкін, які жыве ў вёсцы Бобр Крупскага раёна, вядомы актыўным адстойваньнем правоў беларускамоўных. Ён часта зьвяртае ўвагу на дзеяньні дзяржаўных службоўцаў, работнікаў пошты, крамаў, сельсавету, ідэолягаў, праваслаўных сьвятароў, якія грэбуюць беларускай мовай і культурай.
У абарону беларускай мовы Алесь Пушкін неаднаразова пісаў лісты ўладам, пасьля якіх часам каралі парушальнікаў. У траўні хацелі пакараць яго самога за настойлівае патрабаваньне абслужыць па-беларуску.