Драматург Андрэй Курэйчык разам з сынам выступіў у якасьці актора ў беларускім фільме «Купала», але кажа Свабодзе, што «быў побач» падчас стварэньня фільму: даўно сябруе з рэжысэрам фільму Ўладзімерам Янкоўскім і рэдактаркай праекту Аляксандрай Барысавай.
Пра свой удзел у фільме Андрэй Курэйчык казаў: упершыню падтрымаў «Беларусьфільм», бо студыя ўпершыню за шмат гадоў карысна выкарыстоўвае грошы падаткаплатнікаў на прасоўваньне і разьвіцьцё нацыянальнай культуры, а не арыентуецца на расейскі рынак.
Як гэта выглядае?
На пачатку тыдня ў сеціве зьявіўся першы трэйлер фільму. Курэйчык кажа, што бачыў рэакцыі на яго, і гэтыя рэакцыі былі добрыя.
«Фільм здымаецца сапраўды зь вялікай, прынамсі візуальнай, дакладнасьцю: цудоўна прапрацаваныя строі, дэкарацыі, старыя машыны і гэтак далей, адноўленая атмасфэра віленскай рэдакцыі „Нашай нівы“ і многія іншыя цікавыя аб’екты, — кажа ён. — Бачны і візуальны вобраз самога Купалы. Расейскі артыст [Мікалай Шэстак], які жыве ў Латвіі, як мне здаецца, вельмі добра трапіў ва ўнутранае адчуваньне і зьнешняе падабенства што маладога, што старога Купалы».
Чаму будуць спрэчкі?
Бывае так, што трэйлер да фільму мантуецца ўдала, а сама стужка ў выніку расчароўвае гледачоў. Курэйчык ня ўпэўнены, што такога ня будзе з «Купалам» — ён перакананы, што будзе шмат спрэчак.
«Сама тэма спрэчная. Тое, як у фільме пададзенае беларускае адраджэньне, і літаратурнае, і палітычнае, і нацыянальнае, я думаю, выкліча шмат спрэчак, бо гэта першы такі фільм. Будуць спрачацца прыхільнікі „русского мира“, беларускія інтэлігенты і проста людзі».
Пачатковы сцэнар быў вельмі слабы, кажа Курэйчык. Маўляў, сам чытаў, было вельмі сумна. Але Янкоўскі і Барысава цалкам перапісалі сцэнар, і стала значна лепей, мяркуе ён. Маўляў, ёсьць надзея, што гэта будзе сапраўды мастацкі фільм.
Гэта пра чалавека ці пра эпоху?
Любы рэжысэр здымае фільм пра лёс героя, разважае Курэйчык, але фільм «Купала» шырока паказвае эпоху, у якасьці герояў — тры сотні значных асобаў беларускай літаратуры, палітыкі і нацыянальнага адраджэньня.
«Ёсьць праблема, што ня ўсіх гэтых герояў мы памятаем і ведаем, а яны зьяўляюцца і зьнікаюць даволі хутка, — кажа ён. — Але тое, што яны там ёсьць, гэта вельмі правільна, бо гэты фільм можна будзе вывучаць з пункту гледжаньня беларускай нацыі, яе самага актыўнага культурнага ядра XX стагодзьдзя».
Ці не пабачаць там прапаганды і «русафобіі»?
«Само сьцьверджаньне, што беларусы не расейцы, што маюць права на сваю дзяржаву і мусілі выйсьці з-пад кантролю Расейскай імпэрыі ці савецкай імпэрыі, сама прапаганда беларускай мовы ў сытуацыі, калі галоўнай дзяржаўнай мовай была расейская, сама барацьба беларускай інтэлігенцыі за нацыянальнае самавызначэньне — для кагосьці гэта будзе гучаць ве-е-ельмі па-русафобску, — перакананы Курэйчык. — Але, мне здаецца, гэта адзіны правільны шлях».
Фільм расказвае пра тое, як цяжка гэта было, не сухой мовай падручнікаў ці энцыкляпэдыяў, а мовай жывых лёсаў, дадае ён. Таму фільм і важны, бо беларусы яшчэ не займелі сапраўднай самаідэнтыфікацыі, не адчулі свайго «культурнага пласту» і не зразумелі сваіх вялікіх папярэднікаў.
«Купала» не акупіцца?
Курэйчык кажа, што хацеў бы падрыхтаваць чыноўнікаў і «Беларусьфільм»: «Купала» неакупны. Верагодна, фільм не зьбярэ дастаткова грошай у пракаце і прынясе фінансавыя страты, бо стужка даволі дарагая, беларускі рынак ня зможа пакрыць такія аб’ёмы, а за межамі Беларусі яго будуць паказваць хіба на фэстывалях, бо там мала ведаюць Купалу і наўрад ці зразумеюць гістарычныя і моўныя тонкасьці.
Але здымкі «Купалы» — правільны этап, кажа ён, бо раней «Беларусьфільм» марнаваў грошы на праекты, жудасныя што па мастацкім узроўні, што па мэтах. Раней рабілі або прадукты для расейскіх спажыўцоў і прадусараў, або, як з «Мы, браты», датавалі амэрыканскі рынак праз выплаты рэжысэру і акторам.
«Гэта першы, напэўна, такі праект, які робіцца для беларусаў і за грошы беларусаў, робіцца для будучых пакаленьняў, — кажа Курэйчык. — Мне здаецца, ён зьявіўся вельмі своечасова. Я ня думаю, што калі ён пачынаўся і задумваўся, мы ведалі, у якіх складаных адносінах мы будзем з Расеяй. Мы ня ведалі, што расейскі амбасадар будзе адчытваць нашых міністраў за выкарыстаньне беларускай мовы ў культуры.
А фільм у выніку зьявіцца вельмі своечасова, яшчэ раз падтрымае думку, цяпер ужо дзяржаўную, што Беларусь — абсалютна дзейная, сувэрэнная дзяржава са сваёй культурай, гісторыяй, сваім уласным гістарычным шляхам».