Праваабаронца Наста Лойка паскардзілася на абразы ў інтэрнэце. Падазрае міліцыю

Праваабаронца Наста Лойка, архіўнае фота

Наста Лойка з праваабарончай арганізацыі Human Constanta заявіла пра зьняважлівыя публікацыі на яе адрас у пабліках і суполках у Telegram і «ЎКантакце».

Наста Лойка паведаміла Свабодзе, што зьбіраецца з гэтай нагоды скардзіцца ў пракуратуру, інфармаваць супрацоўнікаў ААН, якія рыхтуюць спэцдаклад па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Як мяркуе праваабаронца, паблікі, у якіх былі абразы на яе адрас, стварылі міліцыянты з управы, якая займаецца барацьбой з экстрэмізмам.

«Іх мэта — кампрамэтаваць і ўносіць разлад сярод людзей розных поглядаў. Асабліва дастаецца анархістам. Што да асабіста мяне, дык гэта яўнае ўмяшаньне ў маё асабістае жыцьцё і ціск у сувязі з праваабарончай дзейнасьцю», — кажа Наста Лойка.

Што напісалі пра Насту Лойку

Наста Лойка дазволіла прывесьці некаторыя цытаты з допісаў на яе адрас з пабліка #знайанархиставлицо: «сажыцельствуе з сабакам», «незадаволеная жанчына», «у коле мужчын заўважаная не была». Наста лічыць гэта асабістай зьнявагай. Яшчэ там ёсьць зьвесткі пра яе погляды, пра сыход з праваабарончага цэнтру «Вясна», якія Наста абвяргае.

Скрыншоты старонак пабліка #знайанархиставлицо, дзе напісана пра Насту Лойку

Наста Лойка мяркуе, што гэтыя зьняважлівыя допісы — справа рук супрацоўнікаў міліцыі з управы, якая пакліканая займацца барацьбой з экстрэмізмам.

«Стыль гэтых допісаў вельмі нагадвае тое, што кажуць супрацоўнікі гэтай управы актывістам, калі выклікаюць іх на размовы. Шантаж, абразы, пагрозы. Па-другое, ёсьць дакладныя доказы. Гэтак, на такім канале быў зьмешчаны здымак з затрыманьня міліцыянтамі анархістаў у Крупскім раёне, які мог зрабіць толькі міліцыянт. І, нарэшце, аднаму з актывістаў яны самі падчас размовы казалі пра тое, што вядуць гэтыя старонкі», — кажа Наста Лойка.

Што рабіць у такіх выпадках?

Наста Лойка як ахвяра дыскрэдытацыі і як праваабаронца мае сваю параду людзям, якія сталі ахвярамі падобных інфармацыйных атак:

«Варта скардзіцца на гэтыя пасты адміністрацыі Telegram і ВК, а ў выпадку гвалтоўных пагрозаў — пісаць скаргі ў пракуратуру ці Сьледчы камітэт», — кажа Наста Лойка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На віцябляніна завялі крымінальную справу за абразу кіраўніцтва гарвыканкаму ў сацсетках

Між тым Наста Лойка мяркуе, што ад такіх публікацый могуць быць нэгатыўныя наступствы.

«Небясьпека ў тым, што такая „прафіляктыка“ экстрэмізму можа спарадзіць і, магчыма, ужо спараджае экстрэмізм у выглядзе канфліктаў паміж людзьмі розных поглядаў. Прыкладам, ёсьць людзі з пэўнымі поглядамі, якіх гэтак можна справакаваць супроць некаторых анархістаў. Да таго ж распаўсюджваць асабістыя зьвесткі, як робяць аўтары гэтых паблікаў, забаронена законам і супярэчыць усім маральным нормам», — лічыць праваабаронца.

МУС не камэнтуе

У Галоўнай управе па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі прэтэнзіі праваабаронцы Насты Лойкі не камэнтуюць, а таксама не распавядаюць пра дзейнасьць у складзе гэтай установы асобнай управы па барацьбе з экстрэмізмам. Атрымаць камэнтар у прэсавай службе МУС таксама не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мікрараёне, дзе жыве абаронца Курапатаў Урбановіч, расклеілі яго партрэты з абразьлівым подпісам