Справа ў прэтэнзіях Канстытуцыйнага суду Беларусі да «карты паляка». Гэта яшчэ не адмова, але і ня згода — будуць «дадаткова вывучаць».
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» расказала пра рэакцыю Нацыянальнага цэнтру заканадаўства Беларусі на прапановы зьменаў у беларускія законы, накіраваныя арганізацыяй у сакавіку.
Адна з прапановаў тычылася стварэньня пасьведчаньня «беларуса замежжа» — такое магло б даваць уладальніку (неграмадзяніну Беларусі, але этнічнаму беларусу) бязьвізавы ўезд у Беларусь, спрошчаную працэдуру рэгістрацыі, ільготныя крэдыты на вышэйшую адукацыю або іншыя прэфэрэнцыі.
«Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў лічыць мэтазгодным дадаткова вывучыць меркаваньні кампэтэнтных органаў пра магчымасьць ўвядзеньня такога дакумэнту, — перадае адказ ЗБС «Бацькаўшчына». — Гэта зьвязана з пазыцыяй Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да закону Рэспублікі Польшчы „Аб карце паляка“.
Паводле яе, даваньне льготаў і прывілеяў замежным грамадзянам – уладальнікам „карты паляка“ супярэчыць палажэньням шэрагу міжнародных дамоваў і агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускія ўлады так і не разыгралі «карту беларуса»?Беларускія ўлады разважалі пра «карту беларуса» прынамсі з 2008 году, у той час Міністэрства замежных спраў нават падрыхтавала адпаведны законапраект. Беларусы замежжа тады падтрымлівалі ініцыятыву беларускіх уладаў.
***
Агулам кароткае апісаньне прапановаў «Бацькаўшчыны» па зьменах у розныя законы заняла 13 старонак. Сьцьвярджаецца, што ідэі арганізацыі скіраваныя на пашырэньне супрацы зь беларусамі замежжа і прыцягненьне эканамічнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларусаў замежжа ў беларускую эканоміку, навуку, культуру і сацыяльную сфэру.
Прапановы ў закон «Аб грамадзянтве» паабяцалі разгледзець на паседжаньні рабочай групы, якая рыхтуе законапраект зьменаў у гэты закон, а прапановы па законах «Аб культуры» і «Аб СМІ» — «пры наступным комплексным зьмяненьні гэтых заканадаўчых актаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтары афіцыйных падручнікаў падумаюць, ці ўключаць беларусаў замежжа ў склад беларускай нацыі