Учора выйшаў апошні эпізод мінісэрыялу «Чарнобыль» вытворчасьці амэрыканскага HBO і брытанскага Sky. Пасьля паказу сцэнарыст сэрыялу Крэйг Мэйзін у сэтцы Twitter падзякаваў гледачам па-ўкраінску, па-беларуску і па-расейску.
«Вечная памяць» — з такой назвай выйшаў заключны эпізод сэрыялу «Чарнобыль». Сэрыял аказаўся найбольш рэйтынгавым у гісторыі паводле вэрсіі парталу IMBDb. Многія гледачы зьвяртаюць увагу на дакладнасьць дэталяў савецкага побыту, якія ўдалося перадаць рэжысэрам і сцэнарыстам. І гэта пры тым, што аўтары сэрыялу — замежнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрыял «Чарнобыль» здымалі на падставе «Чарнобыльскай малітвы» Алексіевіч«Мы зьнялі гэты сэрыял у памяць пра ўсіх, хто пакутаваў і ахвяраваў сабой. Менавіта таму апошні эпізод называецца „Вечная памяць“», — растлумачыў сцэнарыст сэрыялу Крэйг Мэйзін.
Чаму Крэйг Мэйзін выбраў гэтую тэму?
«Было шмат прычын, чаму я хацеў расказаць гэтую гісторыю. Я заўсёды ведаў, што гэта трагедыя, якая непасрэдна паўплывала на ўкраінскі і беларускі народ, і ўскосна закранула сотні тысяч людзей з усяго Савецкага Саюзу», — расказвае Мэйзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрыял «Чарнобыль» перакладуць на беларускую мовуТэмай Украіны ён пачаў цікавіцца яшчэ ў унівэрсытэце. Там Мэйзін пазнаёміўся з украінскімі амэрыканкамі — Дорай Хамяк і Ульянай Лягедзай. Яны былі першымі, хто расказаў яму пра Ўкраіну і пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў 1986 годзе. У гонар іх абедзьвюх сцэнарыст і назваў адну з галоўных гераінь сэрыялу — Ульяну Хамюк, ролю якой выконвае Эмілі Ўотсан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сапраўдныя і прыдуманыя героі сэрыялу «Чарнобыль»Хто яшчэ дапамагаў?
Гледачы і крытыкі зьвярнулі ўвагу на прафэсійны падыход стваральнікаў сэрыялу да найдрабнейшых дэталяў побыту, што дапамагло аднавіць атмасфэру таго часу.
Нумарныя знакі аўтамабіляў, газэты, адзеньне, цыгарэты, якія курылі ў той час, гэта тое, што так важна для людзей, якія перажылі аварыю на ЧАЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрыял «Чарнобыль»: кінавэрсія vs вэрсія ліквідатараў«Калі ты распавядаеш гісторыю пакутаў, ты павінен рабіць гэта з павагай. Як я магу выявіць павагу? Для мяне было вельмі важна атрымаць дэталі проста з тагачаснага жыцьця. Я хацеў, каб кожны цаніў і вызначыў для сябе сапраўдную, паўсядзённую прыгажосьць, і барацьбу, ахвяру і гонар жыцьця людзей, якія пацярпелі ад гэтай жудаснай падзеі», — тлумачыць сцэнарыст.
У гэтым яму дапамагала цэлая каманда людзей ва Ўкраіне і ЗША.
«Крэйг падключыў да сваёй каманды спэцыялістаў па гэтай тэме, улучна зь людзьмі, якія памятаюць Саюз і жылі ва Ўкраіне менавіта ў васьмідзясятыя гады, каб яны адрэдагавалі, каб яны раскрытыкавалі, каб кожная дэталь была правільнай», — распавядае Дора Хамяк .
Крэйг Мэйзін кажа: «Мы задаволеныя тым, наколькі нам удалося гэта зрабіць. Тое, што народ Украіны, Беларусі і Расеі добра ўспрыняў наш сэрыял, значыць для мяне больш, чым любая рэцэнзія крытыкаў ».