Невядомыя параўналі Дзяніса Ўрбановіча, лідэра «Маладога фронту» з фашыстамі.
Больш за 70 уласных партрэтаў пазрываў у раёне свайго пражываньня ў Менску абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч.
Пад партрэтам стаяў подпіс, які Ўрбановіч лічыць абразай.
«Скажу толькі, што мяне там параўналі з фашыстам. Гэта абраза, бо ў мяне продкі ваявалі з нацыстамі, дзед Ёсіф Іванавіч дайшоў да Бэрліна. Сам я ніколі ні ў якіх прафашысцкіх арганізацыях ня быў. Назвалі б крымінальнікам (так, сядзеў за хуліганства), але фашыстам — гэта абраза. Яўная правакацыя супраць мяне асабіста», — сказаў Дзяніс Урбановіч.
Пра тое, што на вуліцах побач зь ягоным домам вісяць партрэты з абразьлівым подпісам, Дзяніс даведаўся тыдзень таму ад сяброў. Ён быў шакаваны тым, што пабачыў каля свайго дома і на суседніх вуліцах.
«Дзе толькі мае партрэты не віселі: на дрэвах, на слупах, на вадасьцёкавай трубе. На Перадавой вуліцы, дзе жыву, на суседніх Уральскай, Клумава, каля станцыі мэтро „Трактарны завод“. Дзьве ўлёткі з маімі партрэтамі пабачыў нават на стэндзе „Іх расшуквае міліцыя“ каля Заводзкага РУУС», — расказаў актывіст. Усяго ён сарваў ужо больш за 70 плякатаў.
«Гэта зьвязана з Курапатамі. Іншай прычыны ня бачу»
Дзяніс Урбановіч кажа, што спачатку ня думаў нікуды зьвяртацца, бо ня бачыў сэнсу. Але цяпер плянуе ўсё ж напісаць заяву ў міліцыю. Вырашыў, што зламысьнік (ці зламысьнікі) маглі трапіць на відэа, асабліва каля будынка РУУС, таму ёсьць імавернасьць, што іх знойдуць, калі будуць шукаць па-сапраўднаму.
«Хутчэй за ўсё, гэта правакацыя супраць мяне як актывіста. Але адкуль нейкі нядобразычлівец ведае мой адрас? Гэта дакладна ведаюць толькі міліцыя і спэцслужбы. Другі момант. Вось вы паспрабуйце расклейваць нейкія ўлёткі ці нечыя партрэты ў вашым раёне — на каторай улётцы вас спыніць міліцыя? На 5-й, 10-й, 20-й? А тут расклеілі пад носам у праваахоўнікаў каля 100 партрэтаў — і нічога. Але з другога боку, хай пашукаюць, а калі ня будуць шукаць, гэта таксама будзе паказьнікам таго, хто да гэтага датычны», — мяркуе Дзяніс Урбановіч.
Паводле Ўрбановіча, правакацыя супраць яго можа быць зьвязаная з вартай у Курапатах. Дзяніс ужо год пікетуе рэстаран «Поедем поедим» каля мэмарыялу, ня раз меў канфлікты зь людзьмі, датычнымі да гэтай установы.
«Нядаўна бачыў пра сябе допіс аднаго чалавека, які падтрымлівае рэстаран, што мне падрыхтаваны сюрпрыз. А другая зачэпка — фатаздымак, які выкарысталі для гэтай улёткі. Яго ўзялі з інтэрнэту пасьля маёй сустрэчы з грузінскім журналістам, які рабіў рэпартаж пра нашу варту ў Курапатах. Значыць, гэтыя людзі адсочваюць тое, што тычыцца Курапатаў. Магчыма, таму і такая рэакцыя».
У студзені Дзяніс Урбановіч удзельнічаў у вечаровым дзяжурстве ў Курапатах, падчас якога даганяў невядомага чалавека, мяркуецца, вандала, які прыходзіў у Курапаты з торбай. Затрымаць гэтага чалавека не ўдалося, ён уцёк, але Дзяніс Урбановіч бачыў ягоны твар, а таксама запомніў і перадаў сьледчым нумар аўтамабіля, на якім той зьехаў.
«Магчыма, таксама ёсьць нейкая сувязь з гэтай правакацыяй. У любым выпадку — зноў Курапаты. Іншай прычыны ня бачу», — сказаў Дзяніс Урбановіч.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.