Падчас свайго двухдзённага візыту ў Паўночную Македонію Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што Паўночнаатлянтычны зьвяз гатовы вітаць балканскую краіну ў якасьці свайго 30-га сябра.
Сяброўства ў NATO прынясе «бясьпеку і росквіт народу Паўночнай Македоніі», сказаў Енс Столтэнбэрг пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Зоранам Заевым у сталіцы Скоп’і.
Столтэнбэрга суправаджалі ў Скоп’е 29 паслоў найвышэйшага органа NATO — Паўночнаатлянтычнай рады, якая правяла сумесную сустрэчу з чальцамі ўраду Паўночнай Македоніі для абмеркаваньня падрыхтоўкі да ўступленьня краіны ў Эўрапейскі зьвяз і правядзеньня рэформаў.
У лютым Скоп’е падпісаў пратакол, паводле якога былая югаслаўская рэспубліка можа стаць наступным сябрам NATO, калі гэты крок будзе ратыфікаваны ўсімі 29 саюзьнікамі NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грэцыя стала першым чальцом NATО, які падтрымаў уступленьне Македоніі ў альянсПадпісаньне гэтага пратаколу стала магчымым толькі пасьля таго, як Скоп’е і Атэны ўрэгулявалі даўнюю спрэчку аб назьве краіны. У выніку рэфэрэндуму краіна стала называцца Рэспубліка Паўночная Македонія. Такім чынам была вырашаная спрэчка з Атэнамі, якія баяліся магчымых тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Скоп’я на рэгіён Македоніі ў Грэцыі.
Пакуль што 14 сяброў NATO ратыфікавалі пратакол аб уступленьні. Паўночная Македонія зможа далучыцца да NATO пасьля таго, як астатнія 15 сяброў паставяць свае подпісы. Выступаючы разам са Столтэнбэргам, прэм’ер Заеў выказаў надзею, што працэс ратыфікацыі будзе завершаны да канца кастрычніка.
Паўночная Македонія плянуе да 2024 году павялічыць выдаткі на абарону да 2% валавога ўнутранага прадукту зь цяперашняга 1%.
Тры іншыя былыя югаслаўскія рэспублікі — Славенія, Харватыя і Чарнагорыя — ужо ўступілі ў NATO, сябрамі якога зьяўляюцца таксама Альбанія і Баўгарыя. Расея выступае супраць пашырэньня Паўночнаатлянтычнага зьвязу на Балканах, сьцьвярджаючы, што гэта падрывае бясьпеку ў рэгіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO абвінаваціла Расею ва ўмяшаньні ў справы Балканаў