У Харкаве зьнесьлі помнік маршалу Жукаву. ВІДЭА

Удзельнікі акцыі «Разьвітаньне зь мясьніком» каля помніка маршалу Жукаву ў Харкаве, 19 траўня 2019

2 чэрвеня ва ўкраінскім Харкаве зьнесьлі бюст савецкага маршала Георгія Жукава.

У Харкаве праходзіў зьезд новай партыі, якую разам з саюзьнікамі ствараюць мэр Харкава Генадзій Кернэс і мэр Адэсы Генадзій Труханаў. Пад Палацам спорту, дзе адбываўся зьезд, прайшоў пратэст, адбыліся сутыкненьні і быў паранены прынамсі адзін чалавек.

Як паведамляе UA Харкаў, удзел у акцыі пратэсту прынялі прадстаўнікі «Самаабароны», «Харкаўскага эўрамайдану», «Нацыянальных дружын» і партыі «Нацыянальны корпус».

Пасьля таго, як на месцы акцыі зьявіліся ўзмоцненыя нарады паліцыі, актывісты перамясьціліся да бюста Жукаву і зьнесьлі яго. Замест бюста ўдзельнікі акцыі ўсталявалі на пастамэнце сьцяг Украіны. Сам бюст пачалі разьбіваць малаткамі і сякерамі. На сьпіне Жукава зрабілі надпіс «Кат».

Увага, у відэа прысутнічаюць нецэнзурныя выразы:

Георгій Жукаў — савецкі палкаводзец часоў Другой сусьветнай вайны. Асоба маршала Жукава ў гістарычнай і публіцыстычнай літаратуры мае супрацьлеглыя ацэнкі, крытыкі лічаць, што ён не цаніў жыцьцё салдат. «Жукаўскае апэратыўнае мастацтва — гэта перавага ў сілах ў 5-6 разоў, а інакш ён ня будзе брацца за справу, ён ня ўмее ваяваць ня колькасьцю, і на крыві будуе сабе кар’еру», — так ацаніў Жукава іншы савецкі палкаводзец, маршал Андрэй Яроменка.

Мэр Харкава Генадзій Кернэс заявіў, што помнік Жукаву будзе адноўлены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу супраць мэра Харкава Кернэса аб выкраданьні, катаваньнях і пагрозе забойствам закрылі