У расейскім Дзяржынску пры выбухах пацярпелі 89 чалавек, у шпіталях — 16

Пры выбухах на абаронным прадпрыемстве ў горадзе Дзяржынску Ніжагародзкай вобласьці ў суботу, па ўдакладненых дадзеных, пацярпелі 89 чалавек. Зь іх 44 — супрацоўнікі заводу, 45 — жыхары прылеглых тэрыторыяў.

Шпіталізаваныя 16 чалавек, адзін з іх у цяжкім стане. Загінулых няма. Аварыйна-выратавальныя працы скончаныя.

Усяго, паводле ўдакладненых зьвестак, было тры выбухі. Яны адбыліся ў цэху, які займаецца, па адных паведамленьнях, вытворчасьцю трацілу, паводле іншых вырабам фугасных авіябомбаў. Выбуховай хваляй былі выбітыя шыбы ў амаль 200 жылых дамах у радыюсе некалькіх кілямэтраў ад эпіцэнтра выбуху. Выбухі былі чуваць за 20 кілямэтраў ад гораду.

Большасьць пацярпелых атрымалі парэзы ад разьбітага шкла і падобныя траўмы. Улады паабяцалі выплаціць пацярпелым па 100 тысяч рублёў зь бюджэту Ніжагародзкай вобласьці і па 50 тысяч з гарадзкога бюджэту.

На самой тэрыторыі заводу, які вырабляе выбуховыя рэчывы, было разбурана пяць будынкаў на плошчы 800 квадратных мэтраў, узнік пажар. Прычынай выбухаў называюць парушэньне тэхналягічных працэсаў, крымінальная справа заведзеная па артыкуле аб парушэньні правілаў прамысловай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад выбуху ў цэху з авіябомбамі ў расейскім Дзяржынску пацярпелі амаль 90 чалавек

У горадзе і некалькіх навакольных паселішчах увялі рэжым надзвычайнай сытуацыі, улады, аднак, сьцьвярджаюць, што небясьпекі новых выбухаў няма.