Дзярждэпартамэнт ЗША прыняў новыя правілы. Большасьці людзей, якія падаюць заяўку на амэрыканскую візу, давядзецца паказаць візавым афіцэрам свае сацыяльныя сеткі.
Па інфармацыі выданьня Hill, новыя правілы ўступілі ў сілу 31 траўня.
«Мы пастаянна працуем над мэханізмамі паляпшэньня нашых працэдур праверкі, каб абараніць грамадзянаў ЗША, — гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпа. — Адначасова мы падтрымліваем законныя паездкі ў Злучаныя Штаты».
Новаўвядзеньне закране вялікую катэгорыю віз — турыстычныя, студэнцкія, працоўныя. Выключэньне Дзярждэпартамэнт зрабіў для дыпляматычных віз і афіцыйных дэлегацый — заяўнікам гэтых катэгорый паведамляць пра сваіх старонках у сацсетках не давядзецца.
Заяўнікам давядзецца пазначыць дадзеныя аб сваіх сацыяльных сетках, адрасы электроннай пошты, а таксама нумары тэлефонаў за апошнія пяць гадоў. Новыя правілы закрануць прыкладна 14,7 мільёна чалавек у год.
Раней перадаваць амэрыканскім уладам дадзеныя аб сваіх сацыяльных сетках патрабавалася толькі заяўнікам, якіх правяралі дадаткова. Гэта тычылася тых, хто пабываў у рэгіёнах, якія кантралююцца тэрарыстычнымі групамі.
Выданьне Hill са спасылкай на прадстаўніка Дзярждэпа піша, што ў заяве ёсьць магчымасьць паказаць, што заяўнік не карыстаецца сацсеткамі, але калі гэта будзе няпраўдай, яго чакаюць «сур’ёзныя наступствы». У Дзярждэпартамэнце новыя захады патлумачылі неабходнасьцю «выяўляць тэрарыстаў, пагрозы грамадзкай бясьпекі і іншых небясьпечных асоб», каб не пускаць іх у краіну.
У Амэрыканскім саюзе абароны грамадзянскіх свабод ужо заявілі, што «няма ніякіх доказаў таго, што такі маніторынг у сацыяльных сетках зьяўляецца эфэктыўным або справядлівым», маўляў, гэта прымусіць людзей самастойна цэнзураваць сябе ў інтэрнэце, паведамляе ВВС.