Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі атрымаў запрашэньне наведаць зь візытам ЗША 

Уладзімір Зяленскі падчас інаўгурацыі

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа за запрашэньне наведаць Вашынгтон, а чальцоў Кангрэсу ЗША — за распрацоўку законапраекту аб узмацненьні падтрымкі Ўкраіны.

«Дзякую ЗША за пасьлядоўную падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны», — прыводзяцца словы Ўладзіміра Зяленскага на сайце прэзыдэнта Ўкраіны.

Згодна з наяўнай інфармацыяй, прэзыдэнт ЗША хоча абмеркаваць з украінскім калегам як урэгуляваньне канфлікту на Данбасе, так і амэрыканскія бізнэс-праекты ва Ўкраіне. Час візыту пакуль ня вызначаны.

Дональд Трамп

Законапраект «Аб падтрымцы Ўкраіны для абароны яе незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці» унесьлі прадстаўнікі дэмакратычнай і рэспубліканскай партый. Паводле амбсады Ўкраіны ў ЗША, ён гарантуе Ўкраіне статус «ваеннага-палітычнага саюзніка ЗША» па-за рамкамі NATO. Такі статус маюць 15 краін, якія не ўваходзяць у Паўночнаатлянтычны альянс.

Акрамя таго, дакумэнт прадугледжвае перадачу і продаж узбраеньняў Украіне, уключна з супрацьтанкавымі, супрацькарабельнымі і супрацьпаветранымі сыстэмамі.

У палітычнай сфэры пацьвярджаецца непрызнаньне расейскай анэксіі Крыму і падахвочваньне Масквы да рэалізацыі Менскіх пагадненьняў.