Дзяржаўная дума Расеі хоча ацаніць «шкоду», нібыта нанесеную Крыму Ўкраінай да анэксіі паўвострава Расеяй ў 2014 годзе. Пра гэта паведаміла расейскае агенцтва навінаў «Новости» са спасылкай на матэрыялы на партале дзяржаўных закупак.
Тэндэр на выкананьне адпаведнага даследаваньня праводзіць апарат Дзярждумы, пачатковы кошт — амаль 10 мільёнаў расейскіх рублёў (больш за 300 тысяч беларускіх). Выканаўцу плянуюць вызначыць 11 ліпеня па выніках адкрытага конкурсу. Заяўкі ад прэтэндэнтаў прымаюцца да 27 чэрвеня.
«Правядзеньне комплекснага экспэртна-аналітычнага даследаваньня ў галіне сацыяльна-эканамічнага і заканадаўчага рэгуляваньня ключавых сфэр жыцьця ў Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль у пэрыяд СССР, у складзе Ўкраіны і складзе Расейскай Фэдэрацыі, а таксама параўнальнага аналізу названых пэрыядаў. Ацэнка ўрону, нанесенага Рэспубліцы Крым і гораду Севастопалю палітыкай Украіны ў пэрыяд з 1991 па 2014 год», — цытуе агенцтва «Новости» тэхзаданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Пуцін дараваў Лукашэнку за Крым. Венядзіктаў пра аб’яднаньне Беларусі і Расеі, Бабіча і крыжалом у КурапатахУ матэрыялах гаворыцца пра «сыстэматычнае недафінансаваньне» Крыму і Севастопалю зь бюджэту Украіны.
«Былі парушаныя асноўныя правы грамадзян — права размаўляць і навучаць дзяцей на роднай мове, права на даступную ахову здароўя, права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе, правы рускіх і нацыянальных меншасьцяў на разьвіцьцё ўласнай культуры, а таксама цэлы шэраг іншых правоў грамадзян Крыму і горада Севастопаля», — гаворыцца ў дакумэнтах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У вагоны для быдла загружалі, штабэлямі ўкладвалі». Як ў 1944 дэпартавалі крымскіх татар